Парашэнка: АТА завершыцца ў траўні, пераходзім да іншага «фармату абароны краіны»

Пятро Парашэнка нагадаў, што стварэньне іншага фармату ваеннай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны прадугледжана законам аб рэінтэграцыі Данбасу.

Украінская антытэрарыстычная апэрацыя на Данбасе завершыцца ў траўні, пасьля гэтага будзе ўведзены новы «фармат абароны краіны», заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Віньніцы.

«Дата заканчэньня АТА будзе ў траўні. Мы пераходзім да іншага фармату абароны краіны ў адпаведнасьці з прынятым у парлямэнце законам (аб рэінтэграцыі Данбасу — рэд.)», — сказаў Парашэнка.

20 лютага прэзыдэнт Украіны падпісаў закон «Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях» (аб рэінтэграцыі Данбасу). Гэты дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае, што камандаваньне пераходзіць ад Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ да Аб’яднанага апэратыўнага штабу Ўзброеных сіл — гэта значыць ад спэцслужбаў да вайскоўцаў.

Камандуючы аб’яднаных сілаў падпарадкоўваецца галоўнакамандуючаму і начальніку Генэральнага штабу. Кіраваць апэрацыяй будзе Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны. Камандуючым апэрацыяй прызначаны генэрал Сяргей Наеў, які 7 сакавіка быў прызначаны намесьнікам начальніка Генштабу.