Аддзел па грамадзянству і міграцыі Баранавіцкага РАУС ухваліў рашэньне аб забароне ўезду ў Беларусь для актывіста Руслана Канавалава на 5 год. Да моманту дэпартацыі яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Руслан Канавалаў быў затрыманы раніцай 25 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Баранавічах, калі зьбіраўся ехаць у Менск, каб прыняць удзел у сьвяточным мітынгу і канцэрце, прысьвечаным 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Міліцыя праверыла дакумэнты актывіста і высьветліла, што ён мае грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі, а 90-дзённы тэрмін ягонага знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі завяршыўся.
Канавалаў каля 10 гадоў жыве ў Беларусі, мае тут шмат сяброў і працу. Праз расейскае грамадзянства ён быў вымушаны раз на тры месяцы выяжджаць у Расею, а потым вяртацца ў Баранавічы. Аднак перад 25 сакавіка не пасьпеў у чарговы раз гэтага зрабіць і цяпер яму пагражае дэпартацыя.
Актывіст зьвярнуўся са скаргай на дзеяньні Аддзела па грамадзянству і міграцыі у пракуратуру Баранавічаў, аднак спадзеваў, што будзе адмененае рашэньне аб высылцы, вельмі мала.