Беларусь сярод лідэраў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе па канцэнтрацыі праграмістаў у сталіцы. У Менску працуюць амаль 90% распрацоўшчыкаў праграмнага забесьпячэньня, а, напрыклад, у Горадні — менш за 3%, сьведчыць штогадовае дасьледаваньне ІТ-парталу dev.by.
У сталіцы — вышэйшыя заробкі, больш вакансій, шырэйшая прафэсійная супольнасьць. Свабода распытала горадзенскіх айцішнікаў, што іх трымае на ІТ-пэрыфэрыі.
1. Тут сям’я і малая радзіма
«Я застаюся дзеля сям’і, сяброў, самога гораду, таго, што зь ім зьвязана, дзіцячых і юнацкіх успамінаў», — тлумачыць свой выбар распрацоўшчык з кампаніі *instinctools Ігар Ламека.
Гэта першая і асноўная прычына, пра якую гавораць гарадзенцы. У многіх ужо ёсьць сем’і, дзеці, сваё жытло, старыя бацькі, якіх трэба даглядаць. У іх сфармавалася мясцовае кола сяброў і знаёмых, ёсьць досьвед працы ў сваім горадзе. Пераезд азначае амаль пачаць жыцьцё наноў і зьмяніць многія сфэры для кожнага чальца сям’і.
Менавіта ў родным горадзе стварылі кампанію *instinctools некалькі гарадзенцаў, калі былі яшчэ студэнтамі. Цяпер яна налічвае каля 230 супрацоўнікаў. Адметная тым, што гэта найбуйнейшая рэгіянальная кампанія, якая мае філіял у Менску.
«Мы тут нарадзіліся, скончылі ўнівэрсытэт. Калі ты малады студэнт, на якой тэрыторыі будзеш дзейнічаць? Вядома, на сваёй, бо ў цябе тут ёсьць хоць нейкая інфраструктура. Пасьля эвалюцыянуеш, захопліваеш існую тэрыторыю і выходзіш за ейныя межы», — расказвае адзін з уласьнікаў кампаніі *instinctools Віталь Шчыглінскі.
Лягістычная розьніца паміж Горадняй і Менскам складае ўсяго чатыры гадзіны, якія кліенты едуць зь менскага аэрапорту. Адлегласьць ня надта адчувальная. Неўзабаве кампанія плянуе адкрыць офіс у адной з краін-суседак.
«Працаваць дыстанцыйна ўсё прасьцей. У нас цяпер чатыры офісы. Зь якога далей будзе ісьці кіраваньне, невядома. Не выключаю, што цэнтар пераедзе ў Менск. Але для гэтага кампанія мусіць сутыкнуцца зь вялікай праблемай, якой будзе перашкаджаць цэнтар у Горадні. Пакуль такіх праблем мы ня бачым», — сьцьвярджае Віталь Шчыглінскі.
Менчук Барыс Ягораў пераехаў у Горадню да жонкі. Сужэнцы вырашылі, што памяняць працу лягчэй яму, як больш мабільнаму айцішніку, а ня ёй, гісторыку. На той момант Барыс акурат зьмяніў мову праграмаваньня з PHP на JavaScript. Разумеў, што як пачатковец усё роўна пойдзе на іншую працу зь меншым заробкам, незалежна ад гораду. Перайшоў зь невялікай менскай фірмы на 12 супрацоўнікаў у горадзенскую, дзе больш за 200.
Але ў Менску ты хутчэй сталееш
Аднак Віталь Шчыглінскі мяркуе, што лягчэй адразу ствараць кампанію ў Менску, чым выходзіць на менскі рынак з рэгіёну. Паводле яго, сталіца трымае крыху вышэйшыя стандарты ў многіх пытаньнях: ад заробкаў да офісных памяшканьняў і іншых «плюшак». Рэгіёны адсочваюць гэтыя стандарты і ідуць сьледам.
«Калі першапачаткова ў цябе вышэй зададзеныя стандарты, ты адразу спрабуеш узяць высокую плянку, хутчэй сталееш. У Горадні крыху ніжэйшыя стандарты. Калі ты іх ужо прыняў, пасьля цяжэй памяняць на іншыя», — мяркуе Віталь.
2. Горад, зручны для інтравэртаў
Горадня вабіць праграмістаў камэрнасьцю, спакоем. Айцішнікі, па назіраньнях Віталя Шчыглінскага, — гэта ў асноўным ціхія, інтравэртныя людзі, якія ня любяць «варушняк» і дынамізм. Таму Горадня пасуе: «Выехаў за горад — адразу лес, рэчка».
Ігар Ламека прызнаецца, што ня любіць Менск: «Усе бегаюць, як мурашкі, дарога займае шмат часу. Мне падабаецца спакойны тэмп». Хлопец мяркуе, што ўпадабаў бы жыцьцё і ў іншым эўрапейскім невялікім горадзе з захаванай гістарычнай часткай і пешаходным цэнтрам.
Праграміст іншай буйной IT-кампаній у Горадні Алесь Лялікаў з гэтай жа прычыны хутчэй гатовы пераехаць за мяжу, чым у беларускую сталіцу.
«Я тут нарадзіўся, тут жыву. Думка пра пераезд у Менск мне ня вельмі падабаецца. Калі пераяжджаць, то ў Польшчу. Ня будзе моўнага пытаньня, блізкая культура. У Штатах ці Канадзе таксама ня будзе моўнага пытаньня, бо ангельская ў мяне дастаткова добрая», — разважае мужчына.
Алесь думае, што ў Менску цяжэй знайсьці працу праз вышэйшыя патрабаваньні. Кажа, што праграмістам можа перашкаджаць у пераезьдзе няўпэўненасьць у сабе або недахоп прафэсійных навыкаў.
Паводле некаторых праграмістаў, Горадня зручнейшая тым, што конкурс пры працаўладкаваньні не такі жорсткі. Яны тлумачаць гэта так: хоць рэальна ў Менску больш вакансій, але там адзін кандыдат спрабуецца адразу ў 5-10 месцаў, а ў Горадні — толькі ў 1-2. Пры гэтым яшчэ некалькі гадоў таму вакансію ў горадзенскай IT-сфэры можна было чакаць паўгода, цяпер адразу ёсьць некалькі месцаў на выбар.
Але ў Менску прасьцей навічкам
У мэгаполісе рынак працы ў разы большы, чым у рэгіянальным горадзе. Таму чалавеку бяз досьведу працы або з абмежаваным досьведам знайсьці працу прасьцей, зьвяртае ўвагу Ігар Ламека.
3. Заробкі не найгоршыя
У сярэднім заробкі ў Горадні і Менску розьняцца ў 2-2,5 раза, паводле статыстыкі сайту dev.by. Аднак вядома, што ў пасьпяховых кампаніях, якія маюць офісы і ў Менску, і ў Горадні, розьніца ў заробках складае ўсяго 20-30%. Больш за тое, праграмісты кажуць, што праз меншых расходы «свабодных грошай» пры працы ў Горадні застаецца больш, чым у Менску. Да таго ж запэўніваюць: грошы ня самае галоўнае.
«Я жыву і працую ў цэнтры Горадні. Тут у мяне больш мажлівасьці быць дома зь сям’ёй. Гэта варта грошай, якія я недаатрымліваю, бо не працую ў Менску», — кажа Ігар Ламека.
Алесь Лялікаў дадае, што чуў пра большыя заробкі. «Можа, так і ёсьць, ня ведаю. Заробак, безумоўна, важна. Але я няшмат думаю пра гэта», — дкажа ён.
Але ў Менску вымушаныя плаціць болей
Барыс Ягораў цяпер працуе ў горадзенскім офісе амэрыканскага стартапу. Ён кажа, што ягоны заробак даволі высокі, калі параўноўваць зь іншымі айцішнікамі па горадзе. Пры гэтым упэўнены, што ў Менску ў падобнай кампаніі плацілі б болей.
Паводле Віталя Шчыглінскага, у Менску адбываецца «інфляцыя заробкаў» з прычыны вялікага рынку працы. У выніку працадаўцы гатовыя пераплаціць за добрага спэцыяліста.
«Гэта можа быць сродак шантажу працадаўцы, калі чалавек прыходзіць на гутарку і кажа: „Мне прапанавалі ў іншай кампаніі такую і такую суму“. Часта агучваюць не рэальныя прапановы, а завышаныя», — кажа ўласьнік кампаніі *instinctools.
Але менавіта такія паводзіны могуць прымусіць кіраўніцтва кампаніі прапанаваць каштоўнаму кандыдату на месца большы заробак.
4. Ёсьць дзе вучыцца і «тусіць»
Са зьяўленьнем у Горадні філіялу Парку высокіх тэхналёгій (адзінага па-за межамі Менску) у праграмістаў зьявілася пляцоўка для сустрэч ІТ-супольнасьці. Дагэтуль сустрэчы і канфэрэнцыі ладзілі хутчэй на базе нейкай кампаніі, на іх прыходзіла няшмат людзей. Яшчэ пяць гадоў таму «варушняку» не было. Цяпер ёсьць дзе «патусіць», удзельнікаў зьбіраецца ў разы болей. Адна заля каворкінгавага цэнтру ПВТ зьмяшчае каля 90 чалавек.
Два з чатырох будынкаў комплексу горадзенскага ПВТ, што разьмясьціліся на тэрыторыі былога памежнага атраду, аддалі пад адукацыйныя і камунікацыйныя мэты. У астатніх працуе адміністрацыя і месьцяцца некалькі IT-кампаній — рэзыдэнтаў ПВТ.
Усе мерапрыемствы (мітапы, канфэрэнцыі, сэмінары, прэзэнтацыі), якія ладзіць ПВТ, мусяць адпавядаць тром крытэрам: быць бясплатнымі, адкрытымі для ўсіх ахвотных і датычыць IT-тэматыкі. Звычайна на іх трэба загадзя рэгістравацца.
Напрыклад, на базе ПВТ сустракаліся ўдзельнікі, бадай што, першай у краіне «Школы блокчэйну». У ёй бралі ўдзел як праграмісты-прафэсіяналы, так і студэнты, пачаткоўцы. Ейныя стваральнікі плянуюць адкрыць такую школу таксама ў Менску і, магчыма, у Маскве.
«Блокчэйн, падобна, моцна зьменіць тое, як мы жывём, найбольш у юрыдычных і эканамічных узаемаадносінах. Асноўная праблема ў сьвеце — недахоп блокчэйн-праграмістаў. Восеньню іх налічвалася каля 5000. Мы вырашаем гэтую праблему», — кажа адзін са стваральнікаў «Школы блокчэйну» ў Горадні Віталь Шчыглінскі.
Да таго ж у ПВТ дзейнічае IT-акадэмія, дзе дарослыя могуць навучыцца праграмаваць. Адукацыйныя курсы праграмаваньня працуюць і для дзяцей ад 6 да 18 гадоў.
Але для адукацыі і камунікацыі з калегамі геаграфічнае становішча мала істотнае, мяркуе ўласьнік *instinctools.
«Каб быць убудаваным у сьвет і мець доступ да найлепшых розумаў, неабавязкова да іх ехаць. Відэасувязь, запісы канфэрэнцый набліжаюць цябе да людзей з высокімі стандартамі, да іх ладу думак. Ты ўсё менш адрэзаны ад сьвету. Цяпер атрымаць найлепшага настаўніка ў нейкім пытаньні я магу празь сеціва», — кажа Віталь Шчыглінскі.
А вось Барыс Ягораў менавіта «патусіць» едзе на менскія «івэнты». А па прафэсійную дапамогу зьвяртаецца да калег.
«У нас крутая каманда. Звычайна я проста іду з пытаньнямі да свайго ліда або да іншых калег. Калі іх няма на месцы, то да сяброў. У мяне ёсьць сябры і ўзроўню senior, і ўзроўню lead. Ёсьць усялякія сэрвісы, у чым праблема запытацца?»
Але ў Горадні хутчэй дасягаеш столі
Аднак прафэсійны рост айцішніка можа быць больш імклівым там, дзе IT-кластэр больш разьвіты, напрыклад у Менску або Крэмніевай даліне ў ЗША, мяркуе Ігар Ламека. Калі ў Горадні можна вывучаць новую тэхналёгію толькі праз інфармацыю ў сеціве ці па кнігах, шляхам спробаў і памылак, там можна лёгка знайсьці гурток па інтарэсах або адмысловага спэцыяліста ў гэтай галіне. Але гэта ня значыць, што гарадзенцы менш разумныя, чым менчукі, падкрэсьлівае Ігар.
На ягоную думку, у Горадні можна хутчэй дасягнуць пэўнай мяжы прафэсійнага і кар’ернага росту, пасьля якой цяжка расьці. Асабліва, калі ёсьць жаданьне разьвівацца ў нейкім вузкім кірунку. У Менску мажлівасьцяў для вузкай спэцыялізацыі больш.
5. Самае важнае — унутры
Хоць асяродзьдзе ўплывае на чалавека, але вырашаючы фактар — тое, што ў яго ўнутры, упэўнены Віталь Шчыглінскі.
«Геаграфічнае становішча я б ня ўнёс нават у дзясятак фактараў, якія ўплываюць на пасьпяховасьць кампаніі. MSQRD — прыклад таго. Гэта другі самы пазнавальны IT-прадукт Беларусі пасьля World of Tanks».
Гарадзенцы Яўген Неўгень (справа) і Сяргей Ганчар прыдумалі і прадалі MSQRD ІТ-гіганту Facebook
Праграмісты кажуць, што ўвогуле ў Горадні няма цікавых стартапаў. Калі яны і зьяўляюцца, то хутка зьнікаюць або зьяжджаюць у Менск (як адбылося ў свой час з будучымі стваральнікамі MSQRD) ці за мяжу.
Прыкладам адваротнага можна назваць tispr — швайцарска-амэрыканскі стартап, офіс якога адкрыўся ў 2016 годзе ў Горадні. Кампанія распрацоўвае мабільную аплікацыю для фрылансэраў, незалежных прафэсіяналаў малога бізнэсу, каб камунікаваць на лякальным узроўні без пасярэднікаў. Галоўны офіс знаходзіцца ў Каліфорніі.
Барыс Ягораў, які зьмяніў тры IT-кампаніі ў двух гарадах, лічыць, што на ягоную працу ніяк не ўплывае тое, што ён жыве ў Горадні.
«Цяперашнюю працу мне прапанавалі праз Linkedіn. Сумоўе ў Горадні было самым сур’ёзным у маім жыцьці, дзе пра тэхнічныя пытаньні дапытваліся некалькі спэцыялістаў і якое ішло ў два этапы».
Такой жа думкі трымаецца і Ігар Ламека: дастаткова пэўнага прафэсійнага ўзроўню, самадысцыпліны і жаданьня, і можна пісаць код хоць з нумару гатэлю ў Тайляндзе.