The Telegraph: Расейскія тэлеканалы праз Брытанію трансьлююць прапаганду

Ілюстрацыйнае фота

Тэлеканалы з Расеі празь Вялікую Брытанію распаўсюджвалі «тэорыі змовы» аб атручэньні Скрыпаля, піша The Telegraph. Амбасадар Латвіі ў Лёндане заяўляе, што брытанскаму нагляднаму органу трэба прыняць меры.

Тэлевізійныя каналы, якія належаць Расеі, маглі выкарыстоўваць Вялікую Брытанію ў якасьці цэнтру для распаўсюджваньня прапагандысцкіх ідэй і «тэорый змовы» што тычыцца нядаўняга атручваньня былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры. Пра гэта ў нядзелю, 25 сакавіка, паведаміла The Telegraph. Паводле дадзеных выданьня, два каналы, якія валодаюць ліцэнзіяй брытанскага нагляднага ведамства Ofcom i зарэгiстраваныя ў Лёндане — Ren TV і НТВ, перадавалі падобныя праграмы з Расеі ў краіны былога СССР, у прыватнасьці ў Латвію.

Перадачы выклікаюць «сур’ёзную занепакоенасьць» у саюзьнікаў Вялікай Брытаніі ў краінах, суседніх з Расеяй, бо ўяўляюць сабой «кампаніі па моцнай дэзінфармацыі». Было выяўлена, што канал парушыў правілы Ofcom восем разоў за апошнія шэсьць гадоў, але працягвае працаваць, а ягоная брытанская ліцэнзія не адкліканая. Сярод іншых парушэньняў — заклік да гледачоў падпісаць пэтыцыю, якая ініцыюе рэфэрэндум па зьмене канстытуцыі Латвіі, а таксама ілжывае сьцьвярджэньне аб тым, што ініцыятыва была ўхваленая латвійскім выбаркамам.

Амбасадар Латвіі ў Вялікай Брытаніі Байба Бражэ сказала, што ведамству Ofcom неабходна «рабіць больш» для вырашэньня гэтых задач, а таксама заклікала да зьменаў у правілах Эўразьвязу, якія маглі б дазволіць умешвацца ў канфліктныя сытуацыі мясцовым рэгулятарам.

Правілы Эўразьвязу дазваляюць вяшчальнікам трансьляваць свае перадачы на тэрыторыі ўсіх краін-чальцоў, нават калі тэлеканалы зарэгістраваныя толькі ў адной дзяржаве. Рэгулятар у «краіне паходжаньня», у дадзеным выпадку ў Вялікай Брытаніі, нясе выключную адказнасьць за кантроль за кожнай зарэгістраванай вяшчальнай кампаніяй незалежна ад таго, дзе перадаюцца праграмы. На думку Браже, Russia Today трансьлявала «чыстую прапаганду».