У Бабруйску затрымалі актывістку БХД, якая падавала заяўку на мітынг

Таісія Кабанчук, архіўнае фота

У Бабруйску затрымалі актывістку БХД Таісію Кабанчук. Чацьвёра ў цывільным гвалтам зацягнулі жанчыну ў міліцэйскую машыну. Пра гэта паведаміла паплечніца затрыманай Галіна Лазаравай. Паводле яе, Таісія Кабанчук цяпер утрымліваецца ў раённым аддзеле міліцыі.

Таісія Кабанчук падавала заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне мітынгу да стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён меўся адбыцца сёньня 24 сакавіка ў цэнтры гораду на плошчы Перамогі. Чыноўнікі забаранілі масавае мерапрыемства праводзіць на плошчы і прапанавалі сабрацца 25 сакавіка на стадыёне «Славянка». Заяўнікі адмовіліся. Міліцыя папярэдзіла актывістку пра адказнасьць за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Апоўначы затрымалі яшчэ адну заяўніцу Галіну Сьмірнову. Яна ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ёй інкрымінуюць парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.