«Як у першыя дні пасьля Чарнобылю». Як жывуць вяскоўцы каля новага цэлюлёзнага заводу

7,4 мільёна рублёў — на такую суму ацанілі шкоду свайму здароўю і маёмасьці жыхары вёскі Якімава Слабада каля Сьветлагорску. За тры месяцы новы завод беленай цэлюлёзы выкінуў у паветра 113 тонаў шкодных рэчываў — у 23 разы больш за гадавую норму.

Галаўны боль, кашаль, удушша, кроў з носу — наступствы смуроду

Першы смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у пачатку лістапада 2017 году.

«Нагадвала першыя дні пасьля выбуху ў Чарнобылі. Усе чулі, што нешта адбылося, але ніякай інфармацыі насельніцтву не давалі. Людзі былі разгубленыя», — расказвае Тэльман Масьлюкоў, кіраўнік экалягічнай ініцыятыўнай групы грамадзянаў у Сьветлагорску.

Тэльман Масьлюкоў

Але слова «мэтыльмэркаптан» дырэктар Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук упершыню публічна выкарыстаў 23 студзеня — праз тры месяцы пасьля пачатку выкідаў. Улады і кіраўніцтва заводу звычайна выкарыстоўваюць фармулёўку «газ з кепскім пахам».

«Казаць, што мы ім атручваемся, напэўна, не зусім правільна», — цытуе Крука мясцовае выданьне «Ранак».

Іншае стаўленьне да газу ў жыхароў Якімавай Слабады. У розных людзей ён выклікаў галаўны боль, ваніты, удушша, у некаторых ішла кроў з носу.

«Нам сказалі, гэта ня шкодзіць. Галоўны ўрач быў. А майго мужа ванітуе. Дзярэ горла, кашаль. Дыхаць цяжка», — гаворыць Ала зь Якімавай Слабады, якая жыве недалёка ад новага заводу.​

​Яшчэ горшыя наступствы ў людзей, якія працуюць на новым заводзе. Сяргей працуе рабочым на старым цэлюлёзна-кардонным камбінаце — побач з новым заводам. Ён кажа, што адкрываў бальнічны ў дні, калі выкіды мэтыльмэркаптану траплялі ў ягоны цэх.

«Калі запускалі і вецер быў у наш бок, дыхаць было вельмі цяжка, — кажа Сяргей. — А ў дзяўчыны, якая пайшла працаваць на новы завод, ацякае гартань, зусім ня можа дыхаць, калі запускаюць завод. Гэта хімічна небясьпечна».

Завод будуецца на ўказ Лукашэнкі

У 2012 годзе ўлады заявілі, што каля Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату (СЦКК) паміж горадам і Якімавай Слабадой пабудуюць новае прадпрыемства — завод беленай цэлюлёзы. На старым Сьветлагорскім ЦКК вырабляюць цэлюлёзу, прыдатную толькі для тэхнічных гатункаў паперы і кардону. Беленую цэлюлёзу даводзіцца імпартаваць, бо з 13 дзейных цэлюлёзна-папяровых прадпрыемстваў яе ніводнае не выпускае.

Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт.

Новы завод мае ўладкаваць каля 300 чалавек. Частка іх, як чакаецца, пяройдзе са старога прадпрыемства, а яшчэ пару соцень работнікаў — гэта новыя працоўныя месцы.

Your browser doesn’t support HTML5

350 мэтраў да вёскі, 20 мэтраў да парнікоў. Пад Сьветлагорскам новы завод беленай цэлюлёзы

Першапачаткова праект ацэньваўся ў 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі — таксама кітайцы, кампанія САМС. Кіраўніцтва кампаніі запэўнівае, што ўкладзеныя ў завод грошы хутка акупяцца. Штогадовы валютны даход ад экспарту беленай цэлюлёзы яны ацэньваюць у 400 мільёнаў даляраў.

Аднак людзей, што жывуць побач з новым заводам, цікавіла найперш яго бясьпечнасьць і экалягічнасьць. У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва. Галоўная прэтэнзія — на прадпрыемстве зьбіраюцца вырабляць цэлюлёзу з выкарыстаньнем хлёру. Гэта тэхналёгія, якая ўжо не выкарыстоўваецца пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў.

Жыхары Сьветлагорскага раёну падавалі ў суд на цэлюлёзна-кардонны камбінат — замоўніка новага заводу. Таксама зьвярталіся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, бо праект зыходзіў акурат з указу Аляксандра Лукашэнкі. Адміністрацыя запэўніла, што экалёгія гораду не пацерпіць, а суд адхіліў пазоў, таму што хлёрная тэхналёгія адбельваньня цэлюлёзы не забароненая законам.

Ад заводу да першых дамоў Якімавай Слабады – 350 мэтраў

«Хлёрная» цэлюлёза на 20% таньнейшая, але небясьпеку нясуць шкодныя выкіды. Найперш — мэтыльмэркаптану. Кіраўніцтва заводу пераконвала і працягвае запэўніваць, што новы завод будзе экалягічна чыстым.

Газу не фіксавалі, бо няма прыбораў, якія яго выяўляюць

Толькі пасьля таго, як горад і Якімаву Слабаду стала накрываць смуродам мэтыльмэркаптану, адміністрацыя заводу разаслала па кватэрах улёткі, дзе абяцала, што «рэчываў з кепскім пахам» падчас працы заводу ня будзе. Але як называюцца гэтыя рэчывы і што рабіць, калі ад іх становіцца блага, дагэтуль у горадзе ніхто не растлумачыў.

У студзені экалягічная ініцыятыва атрымала адказ Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. У ім гаварылася, што пахі у ваколіцах Сьветлагорску — гэта складаныя арганічныя злучэньні, «вызначэньне канцэнтрацый якіх не ўваходзіць у акрэдытацыю мясцовай лябараторыі».

У Сьветлагорску працуе шмат людзей хімічных спэцыяльнасьцяў. Яны першыя і агучылі, што сьмярдзючыя пахі — гэта менавіта мэтыльмэркаптан.

«Па паху дасьведчаныя хімікі могуць вызначыць яго без прыборнага абсталяваньня. Яшчэ ў лістападзе ад хімікаў, эколягаў і мэдыкаў паступалі меркаваньні, што гэта менавіта мэтыльмэркаптан», — кажа Тэльман Масьлюкоў.

Сьмярдзючы газ — гэта мэтыльмэркаптан. Ён утвараецца пры варцы цэлюлёзы. Паводле тэхналёгіі газ павінен спальвацца ў спэцыяльным катле. Як тлумачыць Юры Крук, падчас пусканаладачных работ хімікатаў было недастаткова, каб запусьціць кацёл. Таму шкодныя газы выкідаліся ў атмасфэру.

На заводзе кажуць пра мінімальную колькасьць выкідаў. Але якая доля мэтыльмэркаптану трапіла ў паветра, невядома. Справа ў тым, што на новым заводзе дагэтуль няма газааналізатара — прыбора, які вызначае колькасьць шкодных газаў у выкідах. Сьветлагорскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, напрыклад, штотыдзень публікуе справаздачу пра забруджанасьць паветра. Але мэтыльмэркаптан там не фігуруе, бо раней у Беларусі такіх выкідаў не было і ніхто не замяраў гэты газ.

«Ні заказчык, ні прыродаахоўныя і санітарныя ўстановы, ні кіраўніцтва раёну да пачатку запуску не падумалі, што трэба замовіць мэтодыку выяўленьня газаў, якія могуць быць выкінутыя ў атмасфэру», — кажа Тэльман Масьлюкоў.

«У вялікай дозе можа выклікаць сьмерць»

Мэтыльмэркаптан — небясьпечны газ. «Рэчыва можа ўсмоктвацца ў арганізм пры ўдыху. Яно раздражняе вочы, скуру і дыхальныя шляхі. Удыханьне газу можа выклікаць ацёк лёгкіх. Рэчыва можа ўзьдзейнічаць на цэнтральную нэрвовую сыстэму. Узьдзеяньне ў вялікай дозе можа выклікаць сьмерць», — пішуць пра яго хімічныя даведнікі.

Беларускія мэдыкі раней не сутыкаліся з узьдзеяньнем мэтыльмэркаптану, а ў Расеі яго пачалі дасьледаваць яшчэ ў 1990-я. Гэтай тэмай даўно займаецца Юры Кавальскі, загадчык катэдры ў Далёкаўсходнім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце. У сваіх дасьледаваньнях ён піша, што ўзьдзеяньне мэтыльмэркаптану на вытворчасьці прыводзіць да паталёгій органаў, у тым ліку падвышэньня колькасьці захворваньняў на рак.

Асабліва ўразьлівыя да мэтыльмэркаптану дзеці. У гарадах, дзе працуюць цэлюлёзныя камбінаты з выкідам гэтага газу, у дзяцей узьнікае адставаньне ў фізычным і псыхічным разьвіцьці, росьце і вазе. Таксама ў іх падвышаная захваральнасьць нэрвовай, касьцёва-цяглічнай, мочавыводнай сыстэмаў і органаў страваваньня. Такія высновы зрабіў у сваёй доктарскай дысэртацыі Віталій Філонаў, які таксама працуе ў Далёкаўсходнім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце.

Алена Масьлюкова

На заводзе запэўніваюць — выкідаў мэтыльмэркаптану ня будзе, калі завод пачне працаваць на поўную моц. У лютым Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў паведаміла, што завод ня будзе прыняты ў эксплюатацыю, калі там будуць парушэньні. Аднак мясцовыя ўсё адно не давяраюць афіцыйным адказам. Асабліва пасьля замоўчваньня пра выкіды мэтыльмэркаптану.

«Кожны чалавек мае права на праўдзівую інфармацыю пра тое, што там адбываецца, — кажа Алена Масьлюкова, прадстаўніца праваабарончага цэнтру „Вясна“ ў Сьветлагорску. — На абарону свайго жыцьця і сваіх блізкіх. Але дзяржава да іх не прыслухоўваецца».


Ніводнага задаволенага няма, але людзі баяцца гаварыць

«Без камэнтароў» — самы часты адказ жыхароў Якімавай Слабады, калі яны бачаць тэлекамэру.

Не пад запіс яны скардзяцца на завод, які выкідваў смурод; улады, што ніяк не рэагуюць на дрэнную экалёгію, на працадаўцаў, якія палохаюць звальненьнем за любыя інтэрвію. Адзін чалавек нават параіў увогуле нічога не пісаць, а хутчэй зьехаць са Слабады, «каб не было праблем».

«Змагаюцца ў асноўным пэнсіянэры, — кажа Алена Масьлюкова. — Людзі працаздольнага ўзросту таксама супраць, але яны не выступаюць адкрыта».

Вадзім Васільевіч

80-гадовы Вадзім Васільевіч, мясцовы мастак, гаварыць не баіцца, бо яго ўжо «Бог кліча». Больш як 20 гадоў таму ён пераехаў у Якімаву Слабаду з забруджанай радыяцыяй зоны. Зараз, кажа ён, тут будзе іншая пляма забруджваньня.

«Ніводнага задаволенага няма, але людзі баяцца гаварыць. Калі сьмярдзела, я паехаў у горад. У кантору зайшоў, а там чалавек шэсьць сядзяць. Пытаюся ў іх: „Чаму Слабада бастуе, а вы маўчыце?“ Кажуць: „Паскардзімся — нас выганяць“. Напалохалі людзей».

Таксама не на камэру скарадзіцца былы аўганец зь Якімавай Слабады. На працы, кажа ён, папярэдзілі, каб ён «не раскрываў рота».

«Я за сябе ўжо не баюся. За дзяцей і ўнукаў страшна. Мае суседзі, калі тут сьмярдзела, у Рэчыцу дзяцей адвозілі — за 60 кілямэтраў. Бо пах гэты стаяў паўсюль навокал — і ў Баравіках, і ў Стракавічах».

У Якімавай Слабадзе разумеюць, што завод, у які ўклалі больш за 700 мільёнаў даляраў, ніхто не закрые.

«Адзіны варыянт, што кіраўніцтва памяняе фільтры і наладзіць вытворчасьць, — кажа мясцовы жыхар Раман. — Пахне ж ня толькі простым людзям. Але і ўсім, хто жыве ў Сьветлагорску — чыноўнікам з выканкаму ў тым ліку. З другога боку, у нас народ прызвычаіўся да таго, што дрэнна пахне».