Румынскі суд прызнаў законным пасьведчаньне аб сьмерці жывога чалавека

Канстанцін Рэлію

Суд ў Румыніі прызнаў законным пасьведчаньне аб сьмерці 63-гадовага Канстанціна Рэлію. Ён абураны такім рашэньнем, але ня мае магчымасьці для далейшай апэляцыі.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, Рэлію 20 гадоў працаваў у Турэччыне кухарам. За гэты час ягоная жонка дабілася прызнаньня яго памерлым. Летась у сьнежні турэцкія ўлады затрымалі яго з пратэрмінаванымі дакумэнтамі, а сёлета ў студзені дэпартавалі яго ў Румынію.

Я жывы прывід. Я афіцыйна мёртвы, хоць я жывы

Памежнікі ў аэрапорце Бухарэсту паведамілі Рэлію, што ён афіцыйна прызнаны памерлым, аднак пасьля праверкі, у тым ліку адбіткаў пальцаў, адпусьцілі яго. Але ўлады гораду Бырляд, адкуль ён паходзіць, адмовіліся скасаваць ягонае пасьведчаньне аб сьмерці і выдаць яму новыя дакумэнты.

15 сакавіка суд у рэгіянальным цэнтры Васлуй адмовіўся задаволіць ягоны пазоў, бо ён падаў апэляцыю «запозна». Рашэньне суду канчатковае.

«Я жывы прывід, — сказаў Рэлію ў тэлефонным інтэрвію Associated Press 16 сакавіка. — Я афіцыйна мёртвы, хоць я жывы. Я ня маю даходаў, а паколькі я мёртвы паводле дакумэнтаў, дык мне нельга нідзе працаваць».

Рэлію патлумачыў, што ня ведае, дзе цяпер ягоная жонка і ці яна ажанілася зноў. Упершыню ён зьехаў на заробкі ў Турэччыну ў 1992 годзе. Рэлію кажа, што калі вярнуўся ў Румынію ў 1995, дык даведаўся пра нявернасьць жонкі і гэта было прычынай чаму ён зноў зьехаў у Турэччыну ў 1999 годзе. Журналісты пакуль ня здолелі знайсьці жонку Рэлію, каб узяць у яе камэнтар.