Паліцыя Лёндана прыйшла да высновы, што паплечніка Беразоўскага забілі

Мікалай Грушкоў (архіўнае фота)

Лёнданская паліцыя пачала расьсьледаваць сьмерць расейскага эмігранта Мікалая Глушкова як забойства.

Глушкова знайшлі мёртвым у Лёндане на гэтым тыдні. Як паведамляе агенцтва Ройтэрс са спасылкай на брытанскую паліцыю, прычынай сьмерці стала ўдушэньне. Паліцыя заяўляе, што пакуль ня бачыць сувязі паміж гэтым забойствам і замахам 4 сакавіка на былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачку.

Мікалай Глушкоў быў блізкім дзелавым партнэрам расейскага алігарха Барыса Беразоўскага. Цела Глушкова знайшлі яго родныя і сябры. Глушкову было 68 гадоў.

Глушкоў быў намесьнікам дырэктара расейскай дзяржаўнай кампаніі «Аэрофлот». Ён двойчы абвінавачваўся расейскімі праваахоўнымі органамі ў махлярстве.