Эўракамісія абвясьціла аб падаражаньні шэнгенскіх візаў

Ілюстрацыйнае фота.

Улады ЭЗ пачалі падрыхтоўку рэформы сыстэмы выдачы ўязных дакумэнтаў, па выніках якой атрымаць візы стане прасьцей, але памер збору вырасьце да €80.

Эўракамісія абвясьціла аб распрацоўцы паправак у візавыя правілы, якія спрасьцяць уезд у шэнгенскую прастору для тых, хто перасякае яе межы легальна, паведамляе Эўракамісія.

«Прапанаваная намі рэформа зробіць працэдуру атрыманьня віз для законапаслухмяных падарожнікаў лёгкай і хуткай, у той час як паляпшэньне стандартаў бясьпекі дапаможа лепш выяўляць і спыняць тых, хто такімі не зьяўляюцца», — заявіў камісар па пытаньнях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамапулёс.

Апрача спрашчэньня самой працэдуры, скараціцца і тэрмін выдачы візаў — да 10 дзён, а падаваць дакумэнты можна будзе яшчэ за паўгады да заплянаванай паездкі. Таксама плянуецца, што працэдуры афармленьня заяўкі і яе падачы стануць цалкам электроннымі.

Яшчэ адной навінкай стане магчымасьць для жыхароў асыцаяваных з ЭЗ краін атрымліваць кароткатэрміновыя візы наўпрост на мяжы, але вельмі абмежавана і толькі ў некаторых выпадках. Да гэтага ж, уладальнікі такіх віз ня здолеюць знаходзіцца ў іншых краінах ЭЗ.

У той жа час тыя, хто рэгулярна прыяжджае ў ЭЗ, могуць разьлічваць на паскоранае атрыманьне доўгатэрміновых шматразовых віз з тэрмінам дзеяньня ад 1 года да 5 гадоў.

Паколькі ўзмацненьне стандартаў бясьпекі прывядзе да росту выдаткаў, Эўракамісія плянуе павялічыць памер консульскага збору. У цяперашні час стандартны памер збору складае € 60, па выніках рэформы яго плянуюць павысіць да € 80.

«Гэты ўмераны рост закліканы дазволіць дзяржавам-чальцам падтрымліваць неабходную колькасьць пэрсаналу консульстваў для забесьпячэньня падвышанай эфэктыўнасьці праверак, а таксама забясьпечыць мадэрнізацыю IT-абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня, не ствараючы перашкод для заявак на атрыманьне візы», — гаворыцца ў паведамленьні Эўракамісіі.