Камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША завяршыў сваё расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскі выбарчы працэс і ня выявіў прыкмет змовы людзей зь перадвыбарнага штабу Дональда Трампа з расейскімі прадстаўнікамі. Пра гэта ў панядзелак увечары паведамілі кіраўнікі камітэту.
У заяве гаворыцца, што падчас парлямэнцкага расьсьледаваньня былі пацьверджаныя высновы амэрыканскіх выведслужбаў аб правядзеньні Расеяй так званых актыўных мерапрыемстваў з мэтай умяшаньня ў амэрыканскі палітычны працэс і распальваньня варожасьці. Аднак экспэрты Кангрэсу ня выявілі прыкмет таго, што Дональд Трамп быў пажаданым з пункту гледжаньня Крамля кандыдатам у прэзыдэнты. Яны таксама ня выявілі прыкмет каардынаваньня, супрацоўніцтва або змовы паміж чальцамі выбарчага штабу Дональда Трампа і расейскімі грамадзянамі.
У аўторак праект дакладу, падрыхтаваны заканадаўцамі-рэспубліканцамі, будзе прадстаўлены заканадаўцам-дэмакратам, якія абвінавачваюць рэспубліканцаў у тым, што тыя пасьпяшаліся згарнуць расьсьледаваньне пад ціскам Белага дома. Рэспубліканцы настойваюць на тым, што расьсьледаваньне, якое зацягнулася больш як на год, было ўсёабдымным, а прапановы, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе, дапамогуць нэўтралізаваць спробы Крамля ўмяшацца ў прамежкавыя выбары ў Кангрэс, якія пройдуць у лістападзе сёлета.
Свае ўласныя расьсьледаваньні ўмяшаньня Крамля ў амэрыканскія выбары працягваюць весьці два камітэты Сэнату і спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер.