Швэцыя гатовая правесьці гістарычную сустрэчу Трампа і Кім Чэн Ына

Прэм’ер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвен

Швэцыя гатова правесьці гістарычную сустрэчу паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ыном.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвен, паведамляе The Local.

«Калі мы можам нейкім чынам дапамагчы, мы гэта зробім», — сказаў Лёвен на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэмʼер-міністрам Люксэмбургу.

У інтэрвію швэдзкім СМІ Лёвен адзначыў ролю Швэцыі, якую яна адыгрывала раней: амэрыканскія дыпляматы ў мінулым выкарыстоўвалі пасольства Швэцыі ў Пхэньяне як канал зносінаў з КНДР.

Амэрыканскія СМІ, такія як Washington Post і ABC News, раней называлі Швэцыю магчымым месцам сустрэчы Трампа і Кім Чэн Ына.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў гатоўнасьць сустрэцца зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам да траўня. ЭЗ вітаў гэтую гатоўнасьць.