Італьянская сям'я арыштаваная за сэксуальны гвалт і зьдзекі зь беларускай дзяўчыны. ВІДЭА

Італьянская паліцыя (ілюстрацыйнае фота)

Італьянцы таксама падазраюцца ў прысваеньні больш за 2 мільёнаў эўра, якія дзяўчына атрымала ў якасьці кампэнсацыі за аўтамабільную аварыю.

Беларуска на працягу 10 гадоў прыяжджала ў сям’ю як дзіця, што пацярпела ад наступстваў Чарнобылю. Цяпер ёй 22 гады.

Італьянская паліцыя стала расьсьледаваць гэты выпадак пасьля таго, як дзяўчына напісала сацыяльнаму работніку запіску з просьбай аб дапамозе.

Сям’я, якая прымала дзяўчыну, абвінавачваецца ў махлярстве, жорсткім абыходжаньні, сэксуальным гвалце і падмане недзеяздольнага.

У 2014 годзе дзяўчына стала ахвярай аўтааварыі, у якой страціла 80% дзеяздольнасьці. За гэта яна атрымала кампэнсацыю ў памеры 2 120 000 эўра.

Італьянская пара падазраецца ў тым, што прысвоіла гэтыя грошы, купіла на іх дарагія аўтамабілі, вілы і іншую нерухомасьць.

Паліцыя мяркуе, што італьянцы цалкам кантралявалі жыцьцё дзяўчыны, не дазваляючы ёй камунікаваць з іншымі. Сярод іншага, яны нібыта плянавалі адправіць дзяўчыну назад у Беларусь, абяцаючы, што ў выпадку вяртаньня яна будзе атрымліваць 200 эўра ў месяц.

Паліцыя паведамляе, што ў кастрычніку мінулага году дзяўчына распавяла італьянцы, якую лічыла амаль маці, пра гвалт з боку яе мужа, калі яна была яшчэ непаўнагадовай. У выніку дзяўчыну выселілі з дома ў кватэру, мала прыдатную для жыцьця.

Відэа з гэтага жытла, верагодна зьнятае самой дзяўчынай, апублікаванае на канале італьянскай паліцыі.

Судьдзя наклаў арышт на маёмасьць і грошы італьянскай пары, якія могуць належаць беларускай дзяўчыне. Гэта два будынкі, два аўтамабілі, чатыры банкаўскія рахункі з сумай каля 500 тысяч эўра.

Адзіная дачка італьянская пары таксама арыштаваная, бо паліцыя мяркуе, што яна мела дачыненьне да распараджэньня гэтай маёмасьцю.