Мужыцкая мова і язык принцев у расейскім кліпе: яшчэ адна абраза беларускамоўных

Я даўным-даўно не жыву ў савецка-расейскай інфармацыйнай прасторы. Ня ведаю ані герояў тамтэйшага папсовага паўсьвету, ані іхных сэрыялаў, ані тэлезьвёздаў. Імя Галыгін мне дагэтуль нічога не гаварыла, сам я не націснуў бы на прысьвечанае «8 сакавіка» відэа, якое ўпарта зьяўляецца ў сяньняшняй стужцы, але мяне настойліва намовілі.

Лінк даваць ня буду, хто захоча — сам знойдзе.

Вось жа тое, што я пабачыў, акрамя агульнага ганебнага ўзроўню, абразы ў адрас жанчын, — яшчэ і абраза ў адрас беларускай мовы і ўсіх беларускамоўных.

Гэта значыць беларуская мова — яна для бруду, які на расейскую і перакладу адэкватнаму не паддаецца

Калі ўбогая пахабшчына, якую «сьпяваюць» па-беларуску (я не памыліўся — з удзелам пэўнага народнага артыста?), «перакладаецца» субтытрамі па-расейску, але моўнымі сродкамі паэтычнага, высокага стылю. Хочацца мужыка = хочется принца (гэта яшчэ самы прыстойны прыклад). Гэта значыць беларуская мова — яна для бруду, які на расейскую і перакладу адэкватнаму не паддаецца.

Думаю, аўтары і выканаўцы душацца ад рогату, як жа яны сьмешна і сьвежа прыдумалі.

Але матрыца для закладаньня ў падсьвядомасьць ня новая. З свайго дзяцінства, з чорна-белага савецкага тэлевізара памятаю двух блазнаў Тарапуньку й Штэпсэля. Сьмешны Тарапунька гаварыў, вядома ж, па-ўкраінску (дакладней, суржыкам, як і мужыкі ў сяньняшнім кліпе — трасянкай). А хітры Штэпсэль — па-расейску. Але такога падзеньня, як я сяньня пабачыў, усё ж яшчэ не было.​


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.