У Вашынгтоне адкрылі Boris Nemtsov Plaza у трэцюю гадавіну забойства палітыка. ФАТАФАКТ

У трэцюю гадавіну забойства Барыса Нямцова ў Вашынгтоне зьявілася плошча, названая імем расейскага апазыцыянэра. Ініцыятыву такога назвы ўчастку Вісконсін-авэню перад расейскім пасольствам, вылучаную ў 2016 годзе сэнатарам-рэспубліканцам ад Флорыды Марка Рубіа, ухваліў гарадзкі савет Вашынгтона ў пачатку студзеня гэтага года.

Марка Рубіа

У цырымоніі прынялі удзел дачка забітага палітыка Жана Нямцова, яго паплечнік, намесьнік старшыні руху «Адкрытая Расея» Уладзімір Кара-Мурза, а таксама Марка Рубіа, сустаршыня Хэльсінкскай камісіі ЗША сэнатар Роджэр Уікер і іншыя афіцыйныя асобы ЗША.

Афіцыйныя асобы ў Расеі ўспрынялі новы адрас сваёй амбасады ў сталіцы ЗША з раздражненьнем, адзначае «Голас Амэрыкі».

У прыватнасьці, старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі ў студзені гэтага года назваў амэрыканскую ініцыятыву грубай, зробленай у піку расейскім уладам.