Экс-кіраўнік «ЛНР» Платніцкі сядзіць у расейскай турме, кажа былы сэпаратыст Заруба

Ігар Платніцкі на вайсковым парадзе ў Луганску 9 траўня 2016 году.

Былы кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі, зьмешчаны са сваёй пасады ў выніку перавароту ў лістападзе 2017 года, арыштаваны ў Расеі і ўтрымліваецца ў пецярбурскім сьледчым ізалятары «Кресты». Пра гэта распавёў у інтэрвію YouTube-каналу прарасейскіх сэпаратыстаў былы паплечнік першага кіраўніка «ЛНР» Валерыя Болатава Ўладлен Заруба.

Чуткі пра арышт Платніцкага ў Расеі хадзілі і раней (як і чуткі пра яго нябеднае жыцьцё на Рублёўцы або ў Варонежы), аднак заява Зарубы — першая, зробленая ня ананімнай крыніцай, а рэальным чалавекам, асобу якога можна пацьвердзіць. У якасьці доказу праўдзівасьці сваіх слоў Заруба прыводзіць арышт у Расеі ўкраінскага прадпрымальніка армянскага паходжаньня Алега Мкртчана, уладальніка некалькіх прамысловых прадпрыемстваў на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі Данбасу. Гэты арышт, паводле Зарубы, стаў наступствам паказаньняў, якія пачаў даваць Ігар Платніцкі ў расейскай турме.

Расшыфроўка фрагмэнта інтэрвію Уладлена Зарубы (больш поўную вэрсію можна паглядзець на расейскай Свабодзе):

— Вы ведаеце яго лёс цяпер? Таму што ўкраінскія СМІ пішуць, што ён жыве на Рублёўцы, расейскія СМІ маўчаць, нічога не пішуць.

— Не. Ён не жыве на Рублёўцы, ён жыве ў «Крестах» цяпер. І дае вельмі добрыя паказаньні. Праскочыла навіна, можа нехта не заўважыў, я так разумею, пасьля паказаньняў Платніцкага пад арышт узялі ў Расеі яго куратара-змоўніка, скажам так. Ня памятаю прозьвішча, армянін або азэрбайджанец. Адзін з гаспадароў буйнога металургічнага Алчэўскага мэткамбінату.

— І яны разам сядзяць?

— Ня ведаю, разам ці не, але ўзялі дакладна. Там крадзяжу больш чым на мільярд даляраў. З Расеі, якія выдзеліла Расея. Мільярд «згубіўся».

— Гэта ня першае паведамленьне пра арышт Платніцкага пасьля Луганскага «путчу» у лістападзе 2017 года. Зь якіх крыніц мы на сёньняшні дзень ведаем пра гэта?

— Паведамленьні пра лёс Платніцкага пасьля лістападаўскага перавароту ў Луганску былі досыць супярэчлівыя. У самым пачатку расейскія спэцслужбы пастараліся абставіць справу так, што Платніцкі нібыта пакінуў Луганск цалкам добраахвотна. Укідваюць відэа, зьнятае нібыта ў дзень яго ад’езду, дзе ён ідзе па аэрапорце «Шарамецьева», але на самой справе ніякіх доказаў, што гэта відэа было зьнятае менавіта ў той дзень, не было... Але вось пытаньне: ці можа, напрыклад, Сьледчы камітэт Расеі пачаць расьсьледаваць злачынствы Платніцкага, які, так ці інакш, усё яшчэ зьяўляецца грамадзянінам Украіны? Насамрэч украінскае правасудзьдзе павінна зьвяртацца, на мой погляд, у Расейскую Федэрацыю па тлумачэньні, ці сапраўды ў іх утрымліваецца грамадзянін Украіны, якія абвінавачваньні яму прадʼяўляюць, і ці ня хочуць прадстаўнікі расейскіх сьледчых органаў выдаць Платніцкага ўкраінскаму боку.

— А раней Украіна не зьвярталася да Расіі з такой просьбай? Бо супраць Платніцкага ўкраінскімі ўладамі распачата некалькі крымінальных спраў.

— Наколькі я ведаю, не зьвярталася. Хоць гэта вельмі важнае пытаньне, і я б вельмі хацеў задаць яго прадстаўнікам украінскай Генэральнай пракуратуры. Гэта сапраўды важнае пытаньне, і мне здаецца, асабліва цяпер, пасьля сьведчаньні жывога, канкрэтнага чалавека, зьвязанага з пачаткам канфлікту на ўсходзе Украіны, які наўпрост заявіў пра гэта, так што ва ўкраінскага боку зьявілася яшчэ адна падстава патрабаваць гэтага.

— Нагадаеце, у чым вінавацяць Платніцкага ўкраінскія ўлады?

— Ёсьць два асноўных крымінальныя справы. Першае — супраць яго, як і супраць многіх іншых лідэраў баевікоў. На іх (лідэраў — РС.) заведзеныя крымінальныя справы за спробу зрынаньня дзяржаўнага ладу, за падтрымку і стварэньне тэрарыстычных арганізацый, там цэлы шэраг артыкулаў, якія ўкраінская Фэміда аўтаматычна навешвае на ўсіх лідэраў баевікоў. Але Платніцкі ёсьць фігурантам і іншай, вельмі гучнай і важнай для Украіны справы — гэта справа аб зьбітым самалёце Іл-76. У чэрвені 2014 года на падлёце да Луганскага аэрапорту баявікі зьбілі самалёт, загінулі 49 чалавек, у тым ліку члены экіпажа. На той момант Луганскай гарнізонам камандаваў Ігар Платніцкі, які быў камандзірам батальёну «Зара».