У трох літоўскіх гарадах правялі беларускія дыктоўкі да дня роднай мовы

Беларуская дыктоўка ў Вільні

Дыктоўкі, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі ў Вільні, Клайпедзе і Вісагінасе. Агулам у імпрэзах прынялі ўдзел амаль 60 чалавек, паведамілі Свабодзе ў Амбасадзе Беларусі ў Літве.

У Вільні мерапрыемства арганізавала амбасада Беларусі ў Літве. Як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік амбасады такая дыктоўка праводзілася імі ўпершыню за доўгі час. Кляс беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны ў Вільні сабраў 30 чалавек. Cярод іх былі дыпляматы, прадстаўнікі дыяспары, вучні гімназіі і іх бацькі. Тэкст дыктоўкі быў прысьвечаны біяграфіі драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, 210-годзьдзе якога адзначаецца сёлета.

«Тое, што сюды прыехалі людзі нават з іншых гарадоў Літвы, паказвае шчырую любоў беларусаў да матчынай мовы», — адзначыла дарадца-пасланьнік амбасады Людміла Таратыновіч.

Прадстаўнікі дыяспары самарганізаваліся ў Вісагінасе, дзе напісаць дыктоўку прыйшло 15 чалавек. У Клайпедзе сьвяточныя мерапрыемствы былі арганізаваныя ганаровым консулам Беларусі і старышынёй беларускай суполкі «Крыніца» Мікалаем Логвінавым. Дыктоўку пісалі 12 чалавек, пасьля сьвяткаваньне працягнулася імпрэзай прысьвечанай кнігадрукару Францішку Скарыну.