Вярхоўны суд лічыць прысуд японскаму мастаку справядлівым. Ён застанецца ў калёніі

Японскі мастак Даічы Ёшыда

Грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны перавоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).

Дзьмітры Шылаў, адвакат грамадзяніна Японіі, атрымаў адказ зь Вярхоўнага суду, датаваны 13 лютага 2018 году.

Адвакат у скарзе ў адрас Вярхоўнага суду прасіў выпатрабаваць для вывучэньня крымінальную справу Даічы Ёшыда і вынесьці пратэст у парадку нагляду наконт адмены прысуду, які вынес суд Кастрычніцкага раёну г. Менску.

Паводле інфармацыі, перададзенай Радыё Свабода адвакатам Дзьмітрыем Шылавым і маці асуджанага Ёка Ёшыда, Вярхоўны суд лічыць вінаватасьць Даічы Ёшыда даказанай, а прысуд справядлівым.

«Вінаватасьць Даічы Ёшыда ў злачынствах, за якія ён асуджаны, устаноўленая», — гаворыцца ў дакумэнце Вярхоўнага суду. У адказе прадстаўнік Вярхоўнага суду таксама спасылаецца на паказаньні сьведак у працэсе, паводле якіх мусіць праводзіцца надгляд багажу ўсіх пасажыраў, якія перамяшчаюцца празь беларускія аэрапорты, у тым ліку транзытных. Гаворыцца таксама пра тое, што, паводле заканадаўства, транзытныя пасажыры зьяўляюцца асобамі, якія перасеклі мяжу Рэспублікі Беларусь.

Вярхоўны суд зьвяртае ўвагу, што ствольныя каробкі і затворы да вінтоўкі Мосіна, якія перавозіў Даічы Ёшыда, зьяўляюцца складовымі часткамі агнястрэльнай зброі і былі прызнаныя экспэртамі годнымі да выкарыстаньня па прызначэньні. Спасылаючыся на арт. 35 Чыкагскай канвэнцыі аб Міжнароднай грамадзянскай авіяцыі ад 7 сьнежня 1944 году, суд нагадвае, што вайсковы рыштунак ці вайсковыя матэрыялы могуць правозіцца праз тэрыторыю дзяржавы толькі з адпаведнага дазволу гэтай дзяржавы. Даічы Ёшыда такога дазволу ня меў.

«Дапамажыце мне» — як японскі мастак ляцеў транзытам празь Беларусь і сеў у калёнію на 4,5 года

Даічы Ёшыда — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фэстываль манга ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску.

15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіё з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менск і Абу-Дабі. Ён сьцьвярджае, што служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.

Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд, настойваючы на сваёй невінаватасьці.