Алімпіяда: спартоўцу з Расеі закідаюць допінгавыя парушэньні

Штаб расейскай дэлегацыі на Алімпіядзе быў паінфармаваны пра магчымае парушэньне антыдопінгавых правілаў. Спартовец і від спорту стане вядомы пасьля вынікаў ускрыцьця допінг-пробы на працягу сутак.

Пра гэта заявіў у нядзелю прэс-аташэ каманды «Алімпійскія спартоўцы з Расеі» Канстанцін Выбарны, на якога спасылаецца «Інтэрфакс».

Паводле яго, не называецца «імя спартоўца або спартоўкі, а таксама від спорту да вынікаў ускрыцьця пробы Б, якія стануць вядомыя, як мяркуецца, на працягу 24 гадзін».

Такім чынам Выбарны пракамэнтаваў інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ, аб тым, што ў допінг-спробе расійскага кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага маглі быць знойдзеныя сьляды мэльдония. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма.