Восем памятных дошак у гонар знакамітых беларусаў вырабяць 8 лютага ў Менску падчас міжнароднай выставы «Мэмарыял. Камнеапрацоўка», паведамілі БЕЛТА арганізатары выставы.
На плітах з каменя будуць выбітыя імёны кампазытара Станіслава Манюшкі, пісьменьніка Васіля Быкава, паэтаў Язэпа Пушчы і Рыгора Барадуліна, шляхціца, дэпутата Сэйму Рэчы Паспалітай ад Наваградзкага ваяводзтва ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, а таксама Рудольфа і Сафіі Пішчалаў.
За працэсам стварэньня змогуць назіраць усе ахвотныя, гатовыя вырабы потым перададуць валянтэрам і прадстаўнікам грамадзкіх ініцыятываў, якія ўсталююць іх на выбраных месцах.
Дзьве мэмарыяльныя дошкі разьмесьцяць на магільным склепе роду Рэйтанаў у Ляхавічах, дзе цяпер вядуцца работы па кансэрвацыі і рэстаўрацыі фамільнай сьвятыні.
Мэмарыяльныя дошкі ў гонар Васіля Быкава, Язэпа Пушчы, Рыгора Барадуліна зьявяцца на іх малой радзіме — у вёсках Бычкі Ушацкага раёну, Каралішчавічы Менскага раёну, Ушачах.
Адну з памятных шыльдаў усталююць на фасадзе касьцёла Апекі Божай Маці ў вёсцы Каралішчавічы. Яна нагадае аб тым, што тут, у маёнтку графаў Прушынскіх, стваральнік першай беларускай опэры Станіслаў Манюшка атрымаў першыя ўрокі ігры на органе.
Мэмарыяльная дошка Рудольфу і Сафіі Пішчалам будзе прымацаваная да валуну ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёну, дзе аднаўляецца шляхецкае пахаваньне. «Рудольф Пішчала быў стваральнікам Пішчалаўскага замку, аднаго з самых вялікіх гістарычных будынкаў у Менску, якому хутка споўніцца 200 гадоў», — нагадалі арганізатары.
Міжнародная выстава «Мэмарыял. Камнеапрацоўка» праходзіць у Менску 7-9 лютага. Сярод грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымалі праект — ТБМ імя Францішка Скарыны, «Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана» ды інш.