Да бацькоў расейца, які абвясьціў аб шлюбе з мужчынам, прыйшла паліцыя

Яўгеній Вайцяхоўскі (зьлева) і Павел Стацко (справа)

Да бацькоў Паўла Стацко, які напярэдадні абвясьціў аб прызнаньні расейскімі ўладамі яго шлюбу з мужчынам, прыйшла паліцы і правяла агляд. Пра гэта сам Стацко распавёў Радыё Свабода.

Паводле бацькоў Стацко, паліцыянты зьявіліся бяз ордэру на ператрус на падставе таго, што ў двары іх дома адбылося злачынства. Падчас агляду кватэры яны пыталіся, чаму Павел Стацко не знаходзіцца па месцы жыхарства.

Раней у пятніцу Міністэрства ўнутраных спраў Расеі назвала пашпарты аднаполай пары несапраўднымі. Па словах прадстаўніцы МУС Расеі Ірыны Воўк, па факце здарэньня праводзіцца праверка. Супрацоўніца, якая паставіла штамп аб рэгістрацыі шлюбу, і яе кіраўнік будуць звольненыя.

Пашпарты Вайцяхоўскага і Стацко са штампамі аб шлюбе

Расейскія грамадзяне Яўгеній Вайцяхоўскі і Павел Стацко заключылі шлюб у Даніі, пасьля чаго падалі дакумэнты ў шматфункцыянальны цэнтар паслуг у Маскве. Там ім афіцыйна пацьвердзілі законнасьць саюза. Пры гэтым у самой службе пазьней заявілі, што яе супрацоўнікі ня маюць такіх паўнамоцтваў і што рашэньні павінен прымаць ЗАГС.

Заключаць аднаполыя шлюбы ў Расеі не дазволена. У краіне дзейнічае закон аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх. Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў гэтую меру дыскрымінацыйнай. У сьнежні мінулага году Расейская праваслаўная царква афіцыйна забараніла вянчаньне аднаполых пар.