Турэцкія войскі занялі некалькі вёсак на тэрыторыі Сырыі

Сірыйская ўзброеная апазыцыя падчас баявых дзеяньняў на баку турэцкай арміі, 22 студзеня 2018 году

Турэцкія войскі — у трэці дзень ваеннай апэрацыі — занялі некалькі паселішчаў на паўночным захадзе Сырыі. Анкара дамагаецца выцясьненьня курдзкіх атрадаў з іх пазыцый, паведамляе турэцкая прэса.

У панядзелак, пры садзейнічаньні сырыйскіх паўстанцкіх атрадаў, якія ваююць на баку Турэччыны, быў усталяваны кантроль над некалькімі тэрыторыямі ў рэгіёне Афрын.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што ня мае намеру аслабляць наступальныя дзеяньні ў сьвятле перамоваў з Расеяй. Паводле яго, з «расейскімі сябрамі» маецца пагадненьне.

Турцыя лічыць курдзкую міліцыю саюзьнікам Курдзкай рабочай партыі, якая на працягу трыццаці гадоў змагаецца супраць турэцкага ўраду, дамагаючыся аўтаноміі для курдаў. Курдзкая міліцыя адмаўляе якія-небудзь прамыя сувязі з КРП, ваюючы ў кааліцыі пад камандаваньнем ЗША супраць джыхадзістаў «Ісламскай дзяржавы».