На адным з прадпрыемстваў «Пінскдрэва» загінуў рабочы. Раней туды не пускалі інспэкцыю

На вытворчасьці «Пінскдрэў». Ілюстрацыйнае фота

На адным з прадпрыемстваў холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» загінуў рабочы, паведамляе БелТА са спасылкай на Брэсцкае абласное ўпраўленьне Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы.

Няшчасны выпадак здарыўся 19 студзеня ў вытворчым цэху прадпрыемства «Шперплат».

Паводле папярэдняй інфармацыі Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, 38-гадовы лушчыльшчык шпону быў сьмяротна траўмаваны абсталяваньнем праз парушэньне тэхнікі бясьпекі.

Па факце гібелі рабочага праводзіцца праверка. Ва ўпраўленьні зьвярнулі ўвагу, што летась мабільная група па прафіляктыцы вытворчага траўматызму, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных службаў і ведамстваў, ня раз спрабавала трапіць на тэрыторыю «Шперплата», але ім нібыта кожны раз чыніліся перашкоды.