Атрыманы канчатковы дазвол на помнік Тадэвушу Касьцюшку

Ініцыятар стварэньня помніка Касьцюшку Глеб Лабадзенка

Міністэрства культуры выдала канчатковы дазвол на ўсталяваньне першага ў Беларусі помніка вялікаму айчыннаму палкаводцу Тадэвушу Касьцюшку.

Збор сродкаў на яго выраб адбываўся на краўдфандынгавай пляцоўцы talaka.by.

Як паведаміў ініцыятар усталяваньня мэмарыялу Глеб Лабадзенка, помнік адліты і даводзіцца да ладу, пастамэнт вырабляецца, цяпер чакаюцца паперы, якія дазволяць рабіць падмурак.

Гатовы помнік мае зьявіцца ў на тэрыторыі музэю ў вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёну, дзе жыў Тадэвуш Касьцюшка.

Усталяваньне плянавалася на 4 лютага, але Лабадзенка не выключае, што яно будзе перанесена на тыдзень-другі.

Праект падтрымалі 685 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць пазначаныя на адмысловай шыльдзе каля помніка.