У Расеі ў школу ўварваўся падлетак зь сякерай і «кактэйлем Молатава»

Школа в Сасновым бары ў Улан-Удэ

Сёньня раніцай у адну са школаў Улан-Удэ ў Сасновым бары ўварваўся падлетак зь сякерай і кактэйлем «Молатава». Пра гэта са спасылкай на мясцовае МУС паведамляе інтэрнэт-выданьне «Сибирь.Реалии».

У школу № 5 увайшоў вучань 9 клясы з «кактэйлем Молатава» і сякерай. Ён закінуў гаручую сумесь у клясу на трэцім паверсе і параніў некалькіх школьнікаў. З будынка, які загарэўся, эвакуявалі больш за 500 чалавек.

У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што падчас нападу пацярпелі чатыры чалавекі. Дзевяціклясьнік, які ўварваўся ў школу зь сякерай, затрыманы, перадае мясцовы Сьледчы камітэт. Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу «Замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, зроблены ў дачыненьні да малалетніх».

Паводле дадзеных ураду Бураціі, нападнікаў было трое, паліцыя вядзе пошукі яшчэ двух чалавек.

15 студзеня ў школе № 127 у Матавіліхінскім раёне Пермі двое падлеткаў напалі з нажамі на вучняў 4 клясы і настаўнікаў. Паранілі 15 чалавек: восем школьнікаў цяпер знаходзяцца ў дзіцячым шпіталі краю, адно дзіця накіравалі на абсьледаваньне ў Маскву. Пэдагог, якая абараніла дзяцей, пасьля апэрацыі апрытомнела. Абодва падлеткі, якія напалі на школу, арыштаваныя судом на два месяцы. Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу «Замах на забойства некалькіх чалавек па папярэдняй змове».