Памылковы сыгнал «трывогі» быў распаўсюджаны ў суботу на тэрыторыі штату Гаваі. Надзвычайныя службы неадкладна перадалі паведамленьне, што трывога — памылковая, падкрэсьліўшы, што няма ніякай ракеты, што набліжаецца да тэрыторыі Гавайскіх выспаў.
На ўсе мабільныя тэлефоны жыхароў Гаваяў было разасланае смс-паведамленьне: «Да Гавайскіх выспаў набліжаюцца балістычныя ракеты. У вас ёсьць 15 хвілін для таго, каб схавацца».
Спэцыялісты вывучаюць акалічнасьці ўзьнікненьня памылковага сыгналу. Камэнтатары адзначаюць, што для падлёту паўночнакарэйскіх ракет да Гавайскіх выспаў спатрэбілася б 20 хвілін.
Афіцыйныя прадстаўнікі ў інтэрвію амэрыканскім СМІ паведамляюць, што на Гавайскіх выспах няма супрацьатамных сховішчаў.
Калі б сапраўды адбываліся вучэньні, то, як падкрэсьліваюць амэрыканскія вайсковыя экспэрты, паслаць вучэбны сыгнал трывогі і атрымаць такі сыгнал упаўнаважаныя толькі некалькі чалавек.
На дадзены момант ніхто ня можа назваць канкрэтнага меркаванага віноўніка інцыдэнту.
Насельніцтва Гавайскіх выспаў складае паўтара мільёна чалавек. Астравы сталі 50-м амэрыканскім штатам у жніўні 1959 году. Гавайскія выспы разьмешчаныя ў цэнтральнай частцы Ціхага акіяну ў Паўночным паўшар’і на адлегласьці 3700 кілямэтраў ад кантынэнтальнай часткі ЗША.