У Чэхіі закрыліся выбарчыя ўчасткі пасьля другога дня галасаваньня 13 студзеня на прэзыдэнцкіх выбарах.
Папярэднія вынікі выбараў чакаюцца пазьней сёньня.
Сярод дзевяці кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў Чэхіі — 73-гадовы дзеючы прэзыдэнт Мілаш Зэман, былы прэзыдэнт Акадэміі навук Іржы Драгаш, кампазытар Міхал Горачак, палітык, былы кіраўнік ураду Чэхіі Мірэк Тапаланэк.
Your browser doesn’t support HTML5
Зэман вядомы сваімі антыімігранцкімі, прарасейскімі і пракітайскімі пазыцыямі, у той час як Драгаша ацэньваюць як праэўрапейскага лібэрала.
Паводле апытаньняў, праведзеных напярэдадні галасаваньня, наперадзе Зэман, але верагоднасьць, што за яго прагаласуе абсалютная большасьць, невысокая.
У выпадку, калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50 працэнтаў ад пададзеных дзеючых галасоў, праз два тыдні — 26-27 студзеня — адбудзецца другі тур выбараў. У ім возьмуць удзел два кандыдаты, якія ў першым туры назьбіраюць найбольшую колькасьць галасоў.
Журналістка Алена Ціхановіч — беларуска, якая жыве ў Чэхіі — адзначае 5 падабенстваў і 5 адрозьненьняў чэскіх і беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў.
Падобнае:
- выбары ўсеагульныя, наўпроставыя, раз на 5 гадоў
- дзеючы прэзыдэнт дамагаецца пераабраньня
- дзеючы прэзыдэнт перад выбарамі не «вядзе кампанію», а «працуе»
- дзеючы прэзыдэнт не «апускаецца» да ўдзелу ў дэбатах нароўні з астатнімі кандыдатамі
- абодвух атакуе адна і тая самая фэміністка
-
Адрознае:
- два тэрміны на найвышэйшай пасадзе — максымальная магчымасьць як у Чэхіі, так і ў большасьці сьвету, акрамя РБ
- за падлікам галасоў чэскіх выбарцаў можна ў жывым рэжыме сачыць на старонках Чэскага статыстычнага камітэту. Як па краіне, так і па горадзе ці рэгіёне. Дарэчы — па Чэхіі перамагае Зэман, па Празе — прафэсар Драгаш
- пратэстаў супраць фальсыфікацыяў у Чэхіі не назіраецца
- ніхто з супернікаў Зэмана «ня сеў». Наадварот, зьехаліся ў штабы, дзе сядзяць ды пры піве чакаюць канчатковага падліку
- фэміністка Дыяс крычала на Лукашэнку «Жыве Беларусь!» — па-беларуску, а да чэха зьвярнулася па-ангельску «Zeman — Putin’s slut!»