Беларуская амбасада падтрымала РФ у спрэчцы з помнікам Коневу ў Празе

Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь і Казахстан падтрымалі пратэст Расеі супраць устаноўкі ля помніку савецкаму маршалу Івана Конева ў Празе дадатковай таблічкі з інфармацыяй аб супярэчлівых фактах яго біяграфіі. Пра гэта паведамляе чэскі партал Aktualne.

Скандал вакол манумэнту распачаўся пасьля таго, як кіраўнік гарадзкой часткі Прага 6 Ондржэй Коларж (Ondřej Kolář) накіраваў у амбасаду Расеі апавяшчальны ліст аб плянах ўсталяваць такую таблічку. Пры гэтым палітык дадаў, што калі расейскі бок застанецца незадаволены такім рашэньнем, то помнік можна перанесьці на закрытую для грамадзкасьці тэрыторыю дыппрадстаўніцтва.

На шыльдзе на трох мовах (расейскай, ангельскай і чэскай) будзе прыведзена гістарычная даведка пра ролю Конева ў падаўленьні антысавецкага паўстаньня ў Вугоршчыне ў 1956 годзе і ў падрыхтоўцы ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію ў 1968 годзе.

Паведамляецца, што паслы Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі і Казахстана 4 студзеня накіравалі сумесны ліст на адрас міністра замежных справаў Чэхіі Марціна Страпніцкага, у якім выступілі супраць плянаў уладаў Прагі 6. Яны назвалі пляны ў справе разьмяшчэньня дадатковай таблічкі «спробай перапісаць гісторыю». У МЗС Чэхіі пацьвердзілі атрыманьне ліста і паабяцалі даць адказ бліжэйшым часам, піша партал vinegret.cz.

У сваю чаргу Ондржея Колара зьдзівіла незадаволенасьць Расеі і постсавецкіх краінаў.

«Я не разумею, чаму кагосьці кранаюць спробы выправіць грахі мінулага. Помнік быў усталяваны ў 1980 годзе і ўспрымаўся як жэст нармалізацыі адносін паміж Чэхаславакіяй і СССР. Манумэнт зьяўляецца ўласнасьцю Прагі 6. Ён устаноўлены на яе тэрыторыі, гарадзкая частка марнуе ўласныя грошы на яго ўтрыманьне і рамонт. Таму толькі яна мае права вырашаць, што будзе з помнікам далей », — заявіў ён.

Паводле зьвестак парталу Aktualne, чэскі МЗС у зваротным лісьце выкажа аналягічнае меркаваньне.