МУС: За апошнія 5 гадоў колькасьць фактаў пэдафіліі ў Беларусі вырасла ў 15 разоў

Ілюстрацыйнае фота

Тэма сэксуальнага гвалту над дзецьмі набывае ўсё большыя маштабы.

Як заявіў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Беларусі Дзьмітры Цаюн, за апошнія 5 гадоў колькасьць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці і свабоды падлеткаў павялічылася ў 15 разоў.

Паводле яго, у 2017 годзе дзеці зазналі гвалт 581 раз, што на 84% больш за паказьнікі 2016-га. Такая статыстыка апублікаваная на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Пры гэтым 361 факт пэдафіліі адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Шакуе і тое, што ў міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў і людзі, прафэсіі якіх абавязваюць дапамагаць дзецям, выхоўваць іх.

З гэтай прычыны МУС прапануе ўнесьці папраўкі ў заканадаўства. У ведамстве ўпэўненыя, што зьмены ў Крымінальны кодэкс дапамогуць выправіць сытуацыю.

Ініцыятыву падтрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі, высілкамі якога ўжо ўведзены жорсткі перасьлед паводле «наркатычных» артыкулаў. Іншыя органы дзяржкіраваньня сваю пазыцыю пакуль не акрэсьлілі.