Сельгаспрадпрыемства на Гомельшчыне перадалі міліцыі, каб працаўладкоўваць «зэкаў»

З пачаткам новага году камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства (КСУП) «Хутар-Агра» ў Сьветлагорскім раёне перададзена бескаштоўна зь мясцовай камунальнай уласнасьці ў рэспубліканскую і падпарадкавана Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў.

Гэта адбылося згодна з пастановай беларускага Саўміну № 995, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пры канцы мінулага сьнежня.

Міліцэйскі дэпартамэнт у якасьці экспэрымэнту мае рэалізаваць на аснове «Хутар-Агра» праект працаўладкаваньня былых нявольнікаў беларускіх турмаў. Праца на палёх і жывёлагадоўчых комплексах павінна паспрыяць іх сацыяльнай рэабілітацыі.

Вёска Хутар

Апошнія два дзесяцігодзьдзі «Хутар-Агра» належаў «Беларуснафце». За гэты час тут збудавалі сьвінакомплекс, малочна-таварныя фэрмы, участак перапрацоўкі мясной прадукцыі, каўбасны цэх, збожжасушыльны комплекс, мэхдвор. І хоць тэрмін арэнды ня скончыўся, улетку 2016 году КСУП перадалі ў раённую камунальную ўласнасьць, а цяпер — у МУС.

Працаздольныя вяскоўцы не даюць веры, што «зэкі» падымуць сельгаспрадпрыемства на нейкі новы ўзровень. Некаторыя жыхары лічаць, што ад задуманага экспэрымэнту моцна патыхае лягернай сыстэмай сталінскіх часоў. Пра гэта — у рэпартажы «Ў аграгарадку на Гомельшчыне ня рады будучаму нашэсьцю „зэкаў“».