У Іране падчас пратэстаў загінуў паліцыянт

Пратэст у Тэгеране 30 сьнежня 2017

Адзін паліцыянт загінуў, трое параненыя падчас антыўрадавых пратэстаў у Іране.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Паводле паліцыі, адзін з пратэстоўцаў адкрыў агонь па паліцыянтах з паляўнічай стрэльбы.

Упершыню ў ходзе пратэстаў загінуў паліцыянт. Раней паведамлялася пра 12 загінулых дэманстрантаў.

Беспарадкі ў Іране працягваюцца ад 28 сьнежня. Першапачаткова яны былі накіраваныя супраць эканамічнай палітыкі Ірану і высокіх коштаў жыцьця, потым удзельнікі пратэстаў пачалі выказваць незадаволенасьць урадам краіны.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майкл Пэнс заявіў у Twitter’ы, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ня будзе ігнараваць «гераічны супраціў іранскага народу, які вядзе барацьбу з жорсткім рэжымам». Пэнс падкрэсьліў, што ўлады ЗША акажуць падтрымку пратэстоўцам.