Макрон: нам трэба вярнуць эўрапейскія амбіцыі

Трансьляцыя навагодняга звароту да нацыі Эмануэля Макрона, 31 сьнежня 2017 году.

Францыя ня зможа дасягнуць росквіту без Эўропы. Пра гэта заявіў у сваім першым навагоднім звароце да нацыі прэзыдэнт краіны Эмануэль Макрон. Ён назваў новы 2018 год вырашальным у барацьбе за эўрапейскую будучыню.

Паводле словаў Макрона, эканамічны, сацыяльны і навуковы патэнцыял дазволіць Эўразьвязу выступаць на міжнароднай арэне нароўні з Кітаем і ЗША. Пры гэтым ЭЗ павінен адстойваць свае ўласныя каштоўнасьці, адзначыў францускі прэзыдэнт.

Макрон таксама адзначыў, што Францыя працягне прымаць уцекачсоў і дапамагаць ім. Аднак яна ня ў стане прыняць ўсіх і павінна рабіць гэта паводле агульных правілаў, лічыць прэзыдэнт.

У галіне ўнутранай палітыкі Макрон паабяцаў працяг рэформаў і заклікаў грамадзян да адзінства.

«Нам трэба вярнуць эўрапейскія амбіцыі, каб стаць больш сувэрэннай, адзінай і дэмакратычнай Эўропай» — сказаў Макрон.

Макрон стаў самым маладым прэзыдэнтам Францыі пасьля перамогі на выбарах у траўні 2017 года. На момант інаўгурацыі яму было 39 гадоў. Галоўным супернікам Макрона на выбарах была лідэр праварадыкальнай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн. Яна выступала супраць паглыбленьня эўраінтэграцыі.