Пад Кіевам знайшлі мёртвай юрыста Ірыну Наздроўскую

Ірына Наздроўская, фота facebook

Паліцыя Кіеўскай вобласьці паведаміла, што недалёка ад украінскай сталіцы была знойдзена мёртвай юрыст Ірына Наздроўская, якая дамагалася асуджэньня вінаватага ў рэзанансным ДТЗ.

«38-гадовая жыхарка вёскі Дзямідаў Вышгарадзкага раёну, якая зьнікла тры дні таму, знойдзеная мёртвай у рацэ», — паведамілі ў паліцыі. Па факце сьмерці жанчыны заведзена крымінальная справа аб наўмысным забойстве.

Дачка Наздроўскай паведамляла, што яе маці зьнікла 29 сьнежня. Апошні раз у той дзень яна выходзіла на сувязь каля 17 гадзін, пасьля чаго яе тэлефон быў выключаны.

Наздроўская займалася гучнай справай аб гібелі ў ДТЗ сваёй сястры, 26-гадовай Сьвятланы Сапатынскай. 30 верасьня 2015 году яе насьмерць зьбіў у вёсцы Дзямідаў Вышгарадзкага раёну Кіеўскай вобласьці Дзьмітрый Расашанскі, пляменьнік кіраўніка Вышгарадзкага раённага суду. Як пазьней ўстанавіла экспэртыза, Расашанскі вёў машыну, знаходзячыся ў стане наркатычнага ап’яненьня.

Пасля двух гадоў судовых разглядаў суд у Абухаве асудзіў Расашанскага да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак Апэляцыйны суд Кіеўскай вобласьці амаль дамогся вызваленьня мужчыны з-пад варты па амністыі.

«Як аказалася, забойца мае цыроз, гепатыт, энцэфалапатыю і кучу іншых хвароб і спакойна можа скарыстацца Законам „Аб амністыі“, выйсьці на свабоду і ўпэўнена працягваць сваю крымінальную кар’еру», — напісала нязгодная з гэтым рашэньнем юрыст у фэйсбуку.

27 сьнежня юрыст паведамляла, што Апэляцыйны суд Кіеўскай вобласьці адправіў справу Расашанскага на новы судовы разгляд.

Як патлумачыў у фэйсбуку дэпутат Вярхоўнай Рады і журналіст Мустафа Найем, Наздроўскай неаднаразова пагражалі прадстаўнікі абвінавачанага і яго сваякі. «Падчас паседжаньня суду бацька абвінавачанага прама пагражаў Ірыне: «Ты дрэнна скончыш», — напісаў Найем.