Удзельнікі праскага кангрэсу рэзка выступілі супраць іміграцыі. Лідэр нідэрляндзкай Партыі свабоды Гэрт Вілдэрс выказаў надзею на тое, што «чэхі трымаюць свае дзьверы шчыльна зачыненымі», каб абараніцца ад масавай міграцыі.
Палітык ухваліў пазыцыю Чэхіі, Вугоршчыны і Польшчы, якія адмаўляюцца прымаць бежанцаў, што прыбылі ў Італію і Грэцыю. Чэскі нацыяналіст японскага паходжаньня і лідэр чэскай партыі «Свабода і прамая дэмакратыя» Томія Акамура перасьцярог ад небясьпекі «мусульманскай калянізацыі Эўропы».
Як вынікае са справаздачы амэрыканскага Pew Research Center, калі цяперашняя дынаміка міграцыі ў Эўропе захаваецца, то ў 2050 годзе мусульманаў у Эўропе будзе ў тры разы больш, чым цяпер. Але іх колькасьць будзе меншай, чым хрысьціян і атэістаў. Прагнозы не пацьвярджаюць тэзісу пра ісламізацыю Эўропы. У Польшчы да 2050 году колькасьць мусульманаў складзе 0,2%. У Нямеччыне, якая ў апошнія гады прыняла найбольшую колькасьць мігрантаў, у 2050 годзе мусульманінам будзе кожны пяты жыхар.
Сустрэча ў Празе прайшла пры ўзмоцненых мерах бясьпекі. У суботу ў горадзе адбылася дэманстрацыя праціўнікаў правага курсу, у ёй удзельнічалі некалькі соцень чалавек.