Імёны пераможцаў былі абвешчаныя падчас штогадовай імпрэзы, прымеркаванай да дня нараджэньня TuzinFM.
Адкрыцьцём году стаў Mikita. Гарадзенскі артыст стварае электронную музыку з тэкстамі на беларускай мове. У ягоным актыве — дэбютны EP зь пяці песень, кліп на дэбютны трэк «Лес», здымкі ў Belsat Music Live, кавэр на Naviband, новае прачытаньне Яўгеніі Янішчыц.
Mikita выступаў на галоўнай сцэне фэсту Vulitsa Ezha, быў хэдляйнэрам Beerbus Party у Горадні, даў некалькі сольных канцэртаў.
Гуртом году стаў ужо папулярны калектыў TonqiXod. Сёлета хлопцы запісалі альбом «Колер, якога няма», узялі актыўны ўдзел у маштабным праекце «(Не)расстраляная паэзія», зайгралі сэт на канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» у Варшаве. Але нечакана заявілі, што прыпыняюць дзейнасьць. Прыхільнікі спадзяюцца, што ненадоўга.
Гурт TonqiXod
Як паведамляе TuzinFM, у іншых намінацыях — найлепшая песьня, найлепшы дыск і найлепшы кліп — вызначаныя наступныя пераможцы.
Рок-гурт Nizkiz з Магілёву запісаў найлепшую песьню. Яна называецца «Небясьпечна». Пра драйвовую каманду Радыё Свабода падрабязна расказвала.
Іншы вядомы магілёўскі гурт Akute выдаў найлепшы дыск сэзону. Дзевяць кампазыцый аб’яднаныя пад вокладкай «Plastyka».
Менскія фолк-рокеры Re1ikt зьнялі найлепшы кліп. Гэта відэа на песьню «Хадзіла галота».