У Вашынгтоне можа зьявіцца плошча Барыса Нямцова — перад амбасадай Расеі

Расейская амбасада ў Вашынгтоне

Гарадзкая рада амэрыканскай сталіцы разглядае законапраект аб перайменаваньні плошчы перад амбасадай Расейскай Фэдэрацыі ў гонар забітага лідэра расейскай апазыцыі Барыса Нямцова.

«Мы нікога ні ў чым не вінавацім і нікому не спрабуем дапячы. Гэта проста даніна памяці нашага вялікага суайчыньніка», — заявіў у сераду на публічных слуханьнях у дзяржаўнай радзе Вашынгтону Ўладзімір Кара-Мурза-малодшы, шматгадовы паплечнік Нямцова і сябра ініцыятыўнай групы за перайменаваньне плошчы.

На слуханьнях таксама выступіла Жана Нямцова, журналіст Карына Арлова і некалькі прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Выступоўцы і кіраўнік гарадзкой рады Філ Мэндэльсан, які старшыняваў на пасяджэньні, падкрэсьлівалі, што гэтая ініцыятыва не зьяўляецца палітычнай акцыяй, накіраванай супраць расейскіх уладаў, гэта сымбалічнае прызнаньне заслуг Барыса Нямцова ў барацьбе за дэмакратычную Расею.

Былы віцэ-прэм’ер Расеі і крытык Пуціна Барыс Нямцоў быў забіты ў Маскве 27-га лютага 2015 году. Ягонае забойства выклікала абурэньне ва ўсім сьвеце і прыцягнула ўвагу міжнароднай супольнасьці да цяжкага становішча расейскіх апазыцыянэраў.

Раней законапраект, аналягічны таму, які разглядае гарадзкая рада, унёс у Сэнат рэспубліканец Марка Рубіё. З прычыны таго, што Вашынгтон мае статус фэдэральнай акругі, Кангрэс паўнамоцны ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, якія тычацца гарадзкіх справаў. Праходжаньне праекту ў Сэнаце, аднак, застопарылася, і ініцыятыўная група пераключыла свае намаганьні на заканадаўчы сход амэрыканскай сталіцы. Гарадзкая рада Вашынгтону правядзе ў бліжэйшыя тыдні яшчэ адно слуханьне.

Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава раскрытыкавала сэнатараў, заявіўшы, што яны «маніпулююць» імем загінулага палітыка.