Навінка прэтэндуе адразу на некалькі лідэрскіх пазыцый беларускага кніжнага рынку-2017.
Першая. Гэта самы ляпідарны зборнік вершаў беларускага аўтара. І ня толькі выдадзены сёлета, але, бадай, за ўсе аглядныя папярэднія гады. Калі не лічыць, вядома, самвыдату. Пад вокладкай толькі чатыры вершы.
З чаго натуральным чынам вынікае другая прэтэнзія — на званьне самай танюткай літаратурна-мастацкай кнігі году — у ёй усяго шаснаццаць старонак.
Трэцяя — жанравая. Як сказана ў анатацыі, кнігу склалі «рыфмы на старасьвецкі лад пра адвагу тых, хто есьць і п’е».
Адсюль пазыцыя самай смачнай кнігі году. Тэматыка яе зададзена ўжо самой назвай. Смачанка — у гэтым наватворы чуецца і цвырчэньне сьвежаніны на патэльні, і смакоцьце вяндліны на бяседным стале, і гукі чарканьня поўных сьвяточных келіхаў. А камусьці можа нават прымроіцца цмок, які часам хаваецца па закутках гасьціннай карчомкі.
Тут ужо і пятая адметнасьць кнігі напрошваецца. Яна ў тым, што «Цмачанку» можна сьмела рэкамэндаваць у якасьці практычнага дапаможніка прафэсійным карчмарам. Чацьвёрты верш кнігі — «Дванаццаць надпісаў на сьцены корчмаў» — проста чысты збор запойнай мудрасьці.
Празь цёплыя залевы харашэе ніва, А людзі пабожныя — праз добрае піва. Людзям водлуг развагі неба шле прыкрасы: Дурню — срэбра ды шаты, мудрацу — каўбасы.
Ну і гэтак далей. Сьпяшайцеся пачытаць — не пашкадуеце. Да Калядаў — сама тая кніга. Наклад яе, дарэчы, разьлічаны выключна на бяседных гурманаў — усяго 200 асобнікаў.