За лягатып расейскіх выбараў заплацяць больш за 630 тысяч даляраў

Кіраўніца ЦВК Расеі Эла Памфілава

Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Расеі абрала лягатып прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году. За яго стварэньне — «распрацоўку візуальнай канцэпцыі» — рэклямнае агенцтва «ИМА-консалтинг» атрымае з бюджэту Расеі 37 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за 630 тысяч даляраў).

Як заявіў генэральны дырэктар кампаніі Вартан Саркісаў, абраны лягатып глядзіцца «па-дзяржаўнаму, грунтоўна, кансэрватыўна, але не архаічна». Паводле яго слоў, тэставаньне лягатыпу паказала, што выбаршчыкі «не чакаюць арыгінальных рашэньняў».

Карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі лягатып прымітыўным і выказалі сумневы, што яго стварэньне каштавала 37 мільёнаў рублёў:

Агульны кошт інфармацыйнай кампаніі, прысьвечанай выбарам прэзыдэнта Расіі, складае амаль 800 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за 13.6 мільёна даляраў). Грошы будуць выдаткаваныя у тым ліку на «інфармаваньне» расейцаў аб выбарах. Гэтым будзе займацца агенцтва «Михайлов и партнеры». Кіраўніца ЦВК Эла Памфілава не ўдакладніла, колькі менавіта сродкаў выдзеляць гэтаму агенцтву, аднак адзначыла, што сума кантракту з ім «трошачкі большая», чым з «ИМА-консалтинг».