Сындром раптоўнай сьмерці

Франтс Хенінгсэн, «Пахаваньне» (1883)

Мой прадзед, малады ўдавец зь дзевяцігадовым сынком, жыў пры радзіне брата. Восеньскім ранкам, да сьвету, пайшлі дарослыя на ток малаціць; як вярнуліся, браціха пачала гатаваць сьняданак. Прадзед прылёг і паклікаў да сябе малога, што каля печы самавукам чытаў буквар: «Паляжы са мною, не сьляпі вочы».

Хлопчык прытуліўся да бацькі, палажыў галаву на ягоную руку. Адчуў празь нейкі час, як бацька напружыўся, пацягнуўся, а потым аслаб, мабыць заснуў. Малы прыгрэўся і задрамаў.

Калі паклікалі есьці, бацька не прачнуўся.

Здараецца час-часам, што безь відавочнай прычыны так губляюць жыцьцё мужчыны не зусім сталага веку. Амаль заўжды адзінокія. Пра жанок падобнага не чуваць.

Ала Жак

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org