Польшча павялічвае выдаткі на ахову здароўя на 120 млрд эўра. Без дадатковых падаткаў для грамадзян

Cэйм Польшчы 24 лістапада прыняў закон аб павелічэньні выдаткаў на ахову здароўя да 6% ВУП да 2025 года.

Згодна з законам, расходы на ахову здароўя будуць паступова павялічвацца з дапамогай дадатковых бюджэтных датацыяў для Нацыянальнага фонду аховы здароўя, то бок без дадатковага падаткаабкладаньня насельніцтва, паведамляе Радыё Польшча.

За прыняцьце закона прагаласавалі 436 дэпутатаў, 1 быў супраць і 1 устрымаўся.

Па словах міністра аховы здароўя Польшчы Канстанты Радзівіла, на працягу 10 гадоў на ахову здароўя будзе выдзелена дадатковых каля 120 млрд эўра. Ён адзначыў, што дзякуючы новаму закону зьменшацца чэргі ў польскіх шпіталях, вырастуць заробкі мэдработнікаў, будуць выплачаныя пазыкі бальніц і закуплена новая мэдыцынская тэхніка.