Пасьля таго як жыхара Мазыра затрымалі, ён спачатку ўдарыў міліцыянта ў твар, а па дарозе з мэдагляду выліў у салёне машыны лёгкаўзгаральную вадкасьць і падпаліў яе.
У сацыяльных сетках зьявілася шмат фота- і відэаздымкаў таго, як у цэнтры Мазыра палыхае міліцэйскі УАЗ. Сьледчы камітэт распавёў гісторыю здарэньня.
Паводле сьледчых, міліцыянты зь мясцовага РАУС затрымалі на вуліцы горада 57-гадовага мужчыну «за адміністрацыйнае правапарушэньне, прадугледжанае арт.17.1 (дробнае хуліганства)». Мазыраніна прывезьлі ў аддзяленьне, але ён аказаў супраціў і ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў твар.
Паколькі паводзіны затрыманага сьведчылі аб ап’яненьні, яго накіравалі на мэдычны агляд. Экспэртыза гэта пацьвердзіла, але вярнуць правапарушальніка ў РАУС не атрымалася. Па дарозе зламысьнік дастаў з курткі плястыкавую бутэльку з-пад мінэральнай вады, разьліў лёгкаўзгаральную вадкасьць па салёне і падпаліў яе.
Падчас інцыдэнту пацярпеў толькі сам мужчына — яго пасьпелі выцягнуць з машыны, пасьля чаго ён быў шпіталізаваны з апёкамі.
Мазырскі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па ч.2 арт.218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці, здзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Затрыманаму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.