Гісторыі 10 «шпіёнаў», раскрытых беларускімі спэцслужбамі

З нагоды шпіёнскага скандалу, зьвязанага з арыштам украінскага журналіста Паўла Шаройкі, Свабода прыгадала іншыя падобныя выпадкі.

Турэцкія «шпіёны»

Першыя «шпіёны» ў Беларусі зьявіліся яшчэ ў 1994 годзе. Тады ў працы на карысьць Турэччыны абвінавацілі двух беларускіх журналістаў — Юрыя Бехцерава і Аляксандра Люшкевіча, якія працавалі на дзяржаўныя СМІ — агенцтва «Белінфарм» і газэту «Рэспубліка».

Яны нібыта паведамлялі турэцкім дыпляматам зьвесткі эканамічнага і палітычнага характару. Пасьля скандалу іх ня толькі не пакаралі турэмным зьняволеньнем, а нават ня звольнілі з працы.

Дыплямат ЗША

У 1997 годзе ад шпіёнаманіі беларускіх уладаў пацярпеў першы сакратар амбасады ЗША ў Менску Серж Аляксандраў. Яго прымусілі пакінуць Беларусь пасьля абвінавачаньняў у шпіянажы і падтрымцы апазыцыі.

Пара з Італіі

У красавіку 2001 году беларускія спэцслужбы затрымалі грамадзяніна Італіі Анджэлё Антоніё Піў і грамадзянку Беларусі Ірыну Ушак, якая, паводле інфармацыі КДБ, перадавала яму дакумэнты з сакрэтнымі зьвесткамі вайсковага характару. Італьянца асудзілі за шпіянаж на 4,5 года, беларуску за здраду дзяржаве — на 4 гады. Праз год пасьля затрыманьня Аляксандар Лукашэнка памілаваў Ірыну, а потым і італьянца.

Нямецкі паляк

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году нямецкі грамадзянін польскага паходжаньня Крыстафэр Лец атрымаў за шпіянаж 7 гадоў турмы. Ён быў выкладчыкам нямецка-амэрыканскага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў імя Маршала. У Леца нібыта знайшлі партатыўны кампутар з шыфрамі ды інкрымінавалі яму стварэньне на беларускай тэрыторыі сеткі з завэрбаваных мясцовых грамадзянаў. У 2002-м ён быў вызвалены і дэпартаваны з краіны.

Грамадзянін ЗША

У канцы жніўня таго ж 2001 году зь Беларусі дэпартавалі амэрыканскага грамадзяніна Робэрта Філдынга, якога абвінавацілі ў каардынацыі кампаніі «Выбірай!».

Беларускі чыноўнік

У верасьні 2002 году на 5 гадоў турмы быў асуджаны дзяржаўны інспэктар камітэту каштоўных папераў пры Савеце Міністраў Беларусі Яўген Кукушкін — за тое, што нібыта прадаў расейскім бізнэсоўцам інфармацыю, якая ўяўляла сабой дзяржаўную тайну.

Насамрэч супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў, якія прадставіліся яму расейскімі бізнэсоўцамі, прапанавалі купіць у яго інфармацыю пра дзейнасьць абароннага прадпрыемства «Пеленг». Фактычна беларускія сакрэты дасталіся беларускаму КДБ, аднак чыноўніка арыштавалі ды асудзілі.

Вайсковы журналіст

У красавіку 2004 году ў ажыцьцяўленьні шпіёнскай дзейнасьці на карысьць польскіх спэцслужбаў быў абвінавачаны журналіст вайсковай газэты «Во славу Родины» Аляксей Безьвясельны. У выніку справа працягу не атрымала, не дайшло нават да суду. Безьвясельны нейкі час рэдагаваў часопіс цывільнага зьместу.

Асудзілі за намер

Андрэй Гайдукоў

Не пашанцавала работніку наваполацкага «Нафтану» і грамадзкаму актывісту Андрэю Гайдукову. У лістападзе 2012 году яго абвінавацілі ў «намеры супрацоўнічаць з замежнымі спэцслужбамі». Суд над ім быў закрыты, падрабязнасьці справы так і засталіся невядомымі. У калёніі Гайдукоў адбыў амаль паўтара года. А калі выйшаў на волю, заявіў, што ня быў ніякім шпіёнам, а стаў ахвярай правакацыі.

Каталіцкі сьвятар

Ксёндз Лазар

Яшчэ адной гучнай «шпіёнскай» гісторыяй стаў арышт у 2013 годзе ксяндза Лазара, які кіраваў каталіцкім прыходам у Барысаве. Айца Лазара КДБ таксама падазраваў у шпіянажы. Яго пратрымалі ў вязьніцы КДБ паўгода і вызвалілі, так і не даказаўшы яго віну.

Яшчэ адзін журналіст

Аляксандар Алесін

​У канцы 2014-га па абвінавачваньні ў шпіянажы быў затрыманы журналіст газэты «Беларусы і рынак», вайсковы аналітык Аляксандар Алесін. Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку альбо шпіянаж». Аднак праз два тыдні яго выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, справа працягу ня мела.