У Зымбабвэ кіроўная партыя дала Мугабэ час да панядзелка

Робэрт Мугабэ

Кіроўная ў Зымбабвэ партыя ЗАНУ-ПФ дала Робэрту Мугабэ час да паўдня ў панядзелак, каб сышоў з пасады прэзыдэнта, або супраць яго распачнецца імпічмэнт. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністра бясьпекі Патрыка Чынамаса. Ён выступаў на тэлевізійнай прэс-канфэрэнцыі пасьля спэцыяльнага партыйнага сходу, на якім Мугабэ быў адхілены з пасады лідэра ЗАНУ-ПФ.

Брытанская газета Daily Mail паведамляе, што 93-гадовы Робэрт Мугабэ абвясьціў галадоўку, пратэстуючы супраць свайго зьняволеньня пад хатні арышт. Паводле аднаго зь сямейнікаў Мугабэ, ён адмаўляецца есьці ад суботы і выказвае гатовасьць «памерці за праўду».

Інфармацыю пра галадоўку пацьвердзіў газэце адзін з прадстаўнікоў уладнай у Зымбабвэ партыі «Афрыканскі нацыянальны зьвяз Зымбабвэ — Патрыятычны фронт» (ЗАНУ-ПФ). «Стары паспрабаваў не адну штуку за мінулы дзень: галадоўка, пагрозы, адмова гаварыць», — сказаў ён.

Раней у нядзелю на спэцыяльным пасяджэньні цэнтральнага камітэту ЗАНУ-ПФ Мугабэ быў адхілены ад пасады кіраўніка арганізацыі. Новым кіраўніком ЗАНУ-ПФ абраны былы віцэ-прэзыдэнт Эмэрсан Мнангагва.

На вуліцы сталіцы Харарэ ўчора выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Яны наладзілі дэманстрацыі ў падтрымку вайсковага перавароту. Некаторыя СМІ паведамляюць, што Мугабэ пакінуў краіну. Картэж прэзыдэнта ўчора выехаў з рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы «Блакітны дах». Там Мугабэ заставаўся пад хатнім арыштам. На гэтым тыдні армія Зымбабвэ захапіла ўладу. Прэзыдэнту Мугабэ 93 гады. Ён кіраваў Зымбабвэ амаль 40 гадоў.