Пуцін адкрыў у анэксаваным Крыме помнік цару

Крым, «царская сьцежка», Лівадыйскі палац. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 18 лістапада прыбыў у анэксаваны Крым, дзе прыняў удзел у адкрыцьці помніка расейскаму цару Аляксандру III на тэрыторыі Лівадыйскага палаца ў Ялце. Пра гэта паведамляюць расейскія інфармагенцтвы.

Паводле СМІ, Пуцін назваў цара Аляксандра III «міратворцам», які «прынёс Расеі мір, славу, разьвіцьцё і стабільнасьць».

На афіцыйным сайце Крамля няма інфармацыі пра прыезд прэзыдэнта Расеі ў анэксаваны Крым.

Паведамляецца, што помнік усталяваны на месцы, дзе быў Малы Лівадыйскі палац, пабудаваны ў другой палове XIX стагодзьдзя і разбураны ў гады Другой сусьветнай вайны. У працоўным кабінэце Малога Лівадыйскага палаца Аляксандар III, бацька апошняга расейскага цара Мікалая II памёр 20 кастрычніка 1894.

У сакавіку сёлета ўлады Крыму зьнесьлі тэнісныя корты і танцпляцоўку для ўстаноўкі помніка цару.

Лівадыйскі палац быў летняй рэзыдэнцыяй Мікалая II і яго сям’і. У 1945 годзе тут адбылася сустрэча антыгітлераўскай кааліцыі — Ялцінская канфэрэнцыя, на якой прысутнічалі Сталін, Рузьвэльт, Чэрчыль.

Ад 1974 году музэйны комплекс быў адкрыты для наведвальнікаў. Лівадыйскі палац атрымаў статус аднаго зь сямі цудаў Украіны.