Магілёўскаму раёну прыдумалі жоўта-блакітны сьцяг і герб без «Пагоні»

Герб і сьцяг Магілёўскага раёну

Магілёўскаму раёну распрацавалі афіцыйныя герб і сьцяг у жоўтым і блакітным колерах. На гербе — выява сярэднявечнага ваяра ў рыцарскіх дасьпехах, побач тры кветкі, што сымбалізуюць лён. Дняпро і Палыкавіцкая крыніца перададзеныя хвалістай паласой.

Плошча Славы ў Магілёве ўся ў сьцягах і савецкай атрыбутыцы. Неўзабаве на сьцягары зьявіцца і герб Магілёўскага раёну

Узброены рыцар — «вобраз абаронцы Айчыны», але чаму няма «Пагоні»?

Адзін з аўтараў сымболікі, чалец Геральдычнай рады пры прэзыдэнту Віктар Ляхор, кажа, што ў працы над праектамі ўлічваліся пажаданьні кіраўніцтва раёну, ідэолягаў ды краязнаўцаў. У ёй вобразна і ў колерах перададзеныя прыродныя, гістарычныя ды сельскагаспадарчыя адметнасьці магілёўскага Падняпроўя.

«Ваяр выдатна перагукваецца з гербам Магілёва, — казаў Ляхор у інтэрвію Свабодзе. — Гэтак жа, як залатыя нівы перагукваюцца з гербам усёй Магілёўшчыны. Такая відавочная еднасьць і закладалася ў сымболіку раёну».

Паводле геральдыста, узброеным рыцарам перадаецца вобраз абаронцы Айчыны і знак ворагу, што за спробу ўварваньня ён будзе пакараны.

​Адсутнасьць на сымболіцы «Пагоні», якая ёсьць на гербе Магілёва, Віктар Ляхор патлумачыў тым, што старажытны сымбаль у свой час сьведчыў аб прыналежнасьці гораду да Вялікага Княства Літоўскага. На гербе ж раёну, казаў ён, перададзеная гістарычная пераемнасьць ды пераемнасьць пакаленьняў.

Старшыня райсавету: сымболіка знаходзіцца на экспэртызе Геральдычнага рады пры прэзыдэнту

Геральдычная рада пры прэзыдэнту мае зацьвердзіць распрацаваны праект афіцыйна сымболікі Магілёўскага раёну. За час існаваньня гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў яе не было сваіх афіцыйнай геральдычных знакаў. Магілёўскі раён стварылі неўзабаве пасьля так званага ўзбуйненьня Беларусі ў 1924 годзе.

Будынак Магілёўскага райвыканкаму, у якім зацьвердзілі сымболіку

Старшыня райсавету Валянцін Салавей выказаў спадзеў, што афіцыйная прэзэнтацыя герба і сьцяга адбудзецца на падвядзеньні вынікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця раёну.

Магілёўскі мастак: улада не спакусілася на сымболіку ў савецкай стылістыцы

Мастак Базыль Камароў не адно дзесяцігодзьдзе малюе магілёўскія краявіды ды рэканструюе ў сваіх працах зьнішчаныя архітэктурныя адметнасьці краю. Ён таксама падаваў свой праект герба раёну, і яму давялося пабачыць некаторыя прапановы іншых удзельнікаў конкурсу. Паводле мастака, большасьць такіх работ была выкананая ў савецка-патрыятычнай стылістыцы. Што да свайго праекту, то, па ягоных словах, ён пераклікаецца з зацьверджанай сымболікай.

Базыль Камароў

«У зацьверджаных гербе і сьцягу раёну я пакуль ня ўбачыў хібаў, — выказаў свой погляд Камароў. — Цешыць, што ўлада не паддалася спакусе зрабіць герб раёну на савецкі манер. Імпануе, што на сымболіцы прысутнічае элемэнт магілёўскага герба. Прыгадваю, як у свой час, калі абмяркоўвалі яго, то дужа хацелі некаторыя прыбраць Пагоню зь яго. Прапаноўвалі замяніць яе выявамі львоў. Цяпер Пагоня нікога не бянтэжыць...»