Міністар абароны Беларусі зацьвердзіў плян выкараненьня дзедаўшчыны ў войску

Гаворка ідзе ў тым ліку і аб атэстацыі вайскоўцаў ня толькі 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру Ўзброеных сіл у Печах пад Барысавам, але і іншых вайсковых часьцей.

Пра гэта са спасылкай на тэлеканал ОНТ паведамляе агенцтва БелаПАН.

«Мы праводзім работу і ў астатніх вайсковых частках Узброеных сіл, дзе ў нас ёсьць нейкія падазрэньні або ў ходзе працы былі выяўленыя нейкія праблемы. Па іх мы прымаем вычарпальныя меры», — сказаў міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў у тэлесюжэце.

Цяпер на стадыі зацьвярджэньня знаходзіцца кандыдатура новага камандзіра 72-га АНЦ — палкоўніка Ўладзіслава Будзіка. Пакуль ён выконвае абавязкі.

Паводле слоў міністра, кадравае абнаўленьне 72-га АНЦ завершаць да канца году, сяржанцкага складу — на працягу найбліжэйшых двух тыдняў.

Сярод мер па навядзеньні парадку, як адзначаецца ў рэпартажы ОНТ, — устаноўка камэр відэаназіраньня. Яны зьявяцца ў казармах, якія рамантуюцца, будуць ці ўжо прайшлі рамонт. «Гэта дапаможа дзяжурным па школах у поўным аб’ёме кантраляваць сытуацыю. Ужо ня будзе такіх месцаў, якія дазволяць стараслужачым салдатам нешта там нядобрае рабіць. У нас у многіх вайсковых частках відэаназіраньне ўжо ўстаноўленае, вядзецца ў плянавым парадку», — сказаў Раўкоў.

Як вядома, 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе мэдроты ў Печах. У якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары сьмерці. У выніку мэдыяльнага і грамадзкага розгаласу Сьледчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры вэрсіі таго, што здарылася: давядзеньне да самагубства, забойства і самагубства.

Па справе Коржыча было заключана пад варту 10 чалавек, распачата 13 крымінальных спраў (злоўжываньне ўладай, махлярства, нестатутныя адносіны), аб’яднаных у адну вытворчасьць. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка адхіліў ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага Аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў Узброеных сіл палкоўніка Канстанціна Чарнецкага.

Паводле апошніх зьвестак, падазронымі па справе аб гібелі Коржыча зьяўляюцца 15 вайскоўцаў.