Беларускія ўлады заклікаюць ААН зэканоміць на правах чалавека

Ірына Вялічка выступае ў ААН

Намесьніца сталага прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Ірына Вялічка падчас дыскусіі вакол Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду Рады правоў чалавека ААН заклікала «адмовіцца ад практыкі дубляваньня рашэньняў Генэральнай Асамблеі і тыражаваньня разьдзяляльных рэзалюцый, што вядзе да значных фінансавых выдаткаў». Пра гэта 3 лістапада паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Беларускі дыплямат сказала, што Ўнівэрсальны пэрыядычны агляд — безумоўнае дасягненьне Рады. Ён дазваляе ўсебакова ацаніць сытуацыю з правамі чалавека ва ўсіх краінах без выключэньня. А вось рэзалюцыі па асобных краінах, на думку Ірыны Вялічкі, — праява палітызаванага падыходу. Такія дакумэнты перашкаджаюць зладжанай працы Рады.

«Унівэрсальны пэрыядычны агляд — гэта толькі адзін з ААНаўскіх мэханізмаў, — кажа Свабодзе юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна“ Валянцін Стэфановіч. — Яго нашы ўлады любяць. А любяць таму, што агляд, як і многія іншыя міжнародныя дакумэнты, па-першае, дастаткова мяккі, а па-другое, нейкія рэкамэндацыі зь яго ўлада можа і прыняць, а некаторыя — адкінуць».

Але ж у сыстэме ААН, па словах праваабаронцы, ёсьць і іншыя дамоўныя дакумэнты і мэханізмы. Напрыклад, Камітэт па правах чалавека ААН. Беларусь, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і першы факультатыўны пратакол да яго, прызнае кампэтэнцыю гэтай структуры. Ёсьць і спэцдакладчыкі ААН, кожны зь якіх працуе ў сваёй сфэры. А ёсьць і спэцдакладчыкі па асобных краінах, калі сытуацыя дзесьці выклікае заклапочанасьць Рады правоў чалавека ААН. Па Беларусі гэта Міклаш Харасьці.

«У гэтым моц ААН, што яна мае не адзін, а розныя інструмэнты ўзьдзеяньня. І ў сукупнасьці ўсё гэта вельмі важна», — кажа Стэфановіч.

Беларускія ўлады не прызнаюць мандат Міклаша Харасьці

Сёлета ў чэрвені мандат Міклаша Харасьці працягнулі яшчэ на адзін год.

Міклаш Харасьці

У ліпені 2017 году назіральнік пабываў у Менску, але як прыватная асоба. Ён удзельнічаў у адным з пазапраграмных мерапрыемстваў летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Што тычыцца пазыцыі беларускіх уладаў, то яна па-ранейшаму застаецца нязьменнай. Улады не прызнаюць краінавага мандату па Беларусі і ня маюць намеру супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам Харасьці.

Дарэчы, на пачатку 2015 году беларускія дыпляматы падрыхтавалі і абнародавалі свой даклад пра найбольш рэзанансныя выпадкі парушэньня правоў чалавека ў асобных краінах сьвету. У ім прааналізаваная сытуацыя ў 25 дзяржавах. У дакумэнце прыводзіліся канкрэтныя выпадкі рэпрэсіўных дзеяньняў уладных структур і праваахоўных органаў гэтых краін у 2014 годзе, а таксама называліся парушаныя гэтым, на думку складальнікаў, нормы і міжнародныя абавязаньні.