Вялікая Брытанія расьсьледуе, ці імкнулася Расея паўплываць на галасаваньне па Brexit

Брытанскія ўлады пачалі расьсьледаваньне магчымых спробаў Расеі паўплываць на галасаваньне, па выніках якога пачаўся працэс выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу.

Брытанская выбарчая камісія ў камэнтары выданьню Times спасылалася на новыя сьведчаньні ў ЗША, што Расея, магчыма, выкарыстоўвала Facebook і іншыя сацыяльныя мэдыя для таго, каб паўплываць на прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША. У Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея магла б падобным чынам спрабаваць ўплываць на галасаваньне па Brexit.

Мы знаходзімся ў дыялёгу з такімі кампаніямі, як Facebook, каб пераканацца, што тут нічога такога не адбылося.

«Зразумела, мы бачылі абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары, і гэта праўда, што мы знаходзімся ў дыялёгу з такімі кампаніямі, як Facebook, каб пераканацца, што тут нічога такога не адбылося», — цытуе Times словы дырэктара выбарчай камісіі ў пытаньнях палітычных фінансаў і рэгуляваньня Боба Поснэра.

«Калі нашы запыты дадуць нам доказы таго, што дзейныя правілы кампаніі, якія датычацца палітычных фінансаў, маглі быць парушаныя, мы правядзем уласныя расьсьледаваньні, як гэта прадугледжана нашымі правіламі», — сказаў ён.

Нядаўна прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй сказала ў парлямэнце, што яе ўрад «вельмі сур’ёзна ставіцца да пытаньняў расейскага ўмяшаньня або спробаў Расеі ўмяшацца ў выбарчыя працэсы або ў дэмакратычныя працэсы любой краіны».

Інфармагенцтва Reuters і выданьне Times паведамляюць, што брытанская выбарчая камісія расьсьледуе, ці парушаў галоўны фінансіст кампаніі за выхад з Эўразьвязу Аарон Бэнкс правілы фінансаваньня рэфэрэндуму, якія патрабавалі, каб донары базаваліся ў межах краіны.

Камісія не ўзгадвае пра Расею ў сувязі са сваім расьсьледаваньнем, але сам Бэнкс паведаміў Times, што камісія мяркуе, што грошы паступілі з Расеі.

«Яны думаюць, што гэта было прафінансавана Расеяй. Вядома, гэтага не было. Гэта адбывалася з майго банкаўскага рахунку», — сьцьвярджае Бэнкс.

Вялікая Брытанія павінна выйсьці з Эўразьвязу да канца сакавіка 2019 году пасьля рэфэрэндуму 2016 году, падчас якога нязначная большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу. 29 сакавіка прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй пачала працэс выхаду з Эўразьвязу, згодна з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы пра функцыянаваньне Эўрапейскага Зьвязу, які прадугледжвае працэдуры такога выхаду. Гэты працэс павінен доўжыцца ня больш за два гады.