Пад Кіевам забілі чачэнку, якая ваявала за Ўкраіну. На яе раней быў замах

Аміна Акуева

У выніку абстрэлу аўтамабіля на чыгуначным пераезьдзе ў Глявасе пад Кіевам загінула мэдык Аміна Акуева, якая ваявала на ўсходзе Ўкраіны ў складзе чачэнскага добраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева. Яе муж Адам Асмаеў шпіталізаваны зь цяжкім раненьнем у нагу

Як паведамілі ў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, на месцы цяпер працуе сьледчая група, абвечшаны плян «Перахоп».

За два дні да сёньняшняга абстрэлу адзін зь сяброў Акуевай і Асмаева апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook супольны фотаздымак, на якім усе трое знаходзіліся ў аўтамабілі, з такім подпісам: «Мы гатовыя да сустрэчы з чарговымі кілерамі. Глок — асобны пэрсанаж гэтага ваяжу. Усе кнопкі былі яго. Салям Украіна, трымай сябе ў пазытыве і будзь упэўнена, што ўсё будзе добра».

Сёлета 1 чэрвеня на Акуеву і Асмаева напаў мужчына, які назваўся замежным журналістам. Тады ў выніку перастрэлкі Асмаеў атрымаў раненьні, а Акуева не пацярпела.

У верасьні ў выніку выбуху аўтамабіля з грузінскімі нумарамі ў цэнтры Кіева загінуў грамадзянін Грузіі Цімур Махаўры, які таксама ваяваў на Данбасе ў складзе дабраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева.

Выбух аўтамабіля ў цэнтры Кіева 8 верасьня 2017 году

Аміна Акуева працавала памочнікам народнага дэпутата Ўкраіны Ігара Масійчука, які на мінулым тыдні быў паранены выбухам каля тэлеканалу «Еспресо».

У лютым 2012 году Адама Асмаева затрымалі ў Адэсе праваахоўныя органы Украіны паводле падазрэньня ў датычнасьці да выбуху ў адэскай кватэры. Сьледзтва таксама падазравала, што ён разам з саўдзельнікам рыхтаваў замах на Ўладзіміра Пуціна. Эўрапейскі суд па правах чалавека рэкамэндаваў Украіне не выдаваць Асмаева Расеі, пасьля чаго Ўкраіна вырашыла прыпыніць працэс экстрадыцыі.

19 лістапада 2014 года пасьля двух з паловай гадоў зьняволеньня яго вызвалілі з-пад варты.

У лютым 2015 Асмаеў стаў камандзірам батальёна імя Джахара Дудаева, які ваяваў на баку войскаў Украіны на Данбасе.