У Маскве перад пасольствам Беларусі ў пятніцу прайшла сэрыя адзіночных пікетаў у падтрымку гісторыка Пятра Рабава, арыштаванага ў Баранавічах. У руках пікетоўцы трымалі плякаты «Лекцыя па гісторыі — не злачынства. Свабоду Пятру Рабаву», «Зь якога часу філязофія забароненая?»
В Москве прошли пикеты в поддержку арестованного в Белоруссии доцента кафедры философии МПГУ за лекцию по анархизму:https://t.co/8Xjb6FlblJ pic.twitter.com/U2dsnyJHdt
— РБК (@ru_rbc) October 13, 2017
Як распавёў РБК арганізатар акцыі прафэсар Інстытуу гісторыі РАН Вадзім Данье, паліцыя ня ўмешвалася.
Паводле інфармацыі беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», 9 кастрычніка ў «Цэнтар гарадзкога жыцьця» ў Горадне, дзе праходзіла сустрэча з расейскім гісторыкам, філёзафам і дасьледчыкам анархізму Пятром Рабавым, уварвалася міліцыя. Было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку і сам лектар. Да вечара ўсіх адпусьцілі, аднак у памяшканьні цэнтру быў праведзены ператрус і канфіскаваныя кнігі Пятра Рабава. Падставай для затрыманьня было нібыта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
Затым, 10 кастрычніка, навуковец быў затрыманы ў Баранавічах, адкуль зьбіраўся зьехаць у Маскву. 11 кастрычніка суд арыштаваў яго на 6 сутак паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве — ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў публічным месцы. Пасьля прысуду Рабаў абвясьціў сухую галадоўку.
Пётр Рабаў — аўтар кніг: «Кароткі нарыс гісторыі анархізму ў XIX-XX стагодзьдзях», «Гісторыя рускага народу і расейскай дзяржавы» і «Культура Элады».