Заўзятара, які выбег на поле зь бел-чырвона-белым сьцягам, чакае новы суд

Аляксандр Вянгерскі (у цэнтры) падчас затрыманьня на футбольным полі, 28 верасьня 2017

26-гадовага заўязатара перавезьлі з Барысава, дзе ён адбываў пакараньне, у Вялейку, дзе ён жыве. Такую інфармацыю паведамілі Радыё Свабода сваякі Вянгерскага і грамадзкі актывіст Аляксей Сюдак.

Сям'я зьбіралася сустракаць Аляксандра пасьля адбываньня пакараньня ў Барысаве. Яго меліся вызваліць 8 кастрычніка каля 21-й гадзіны. Але, кажуць у сям'і, выпадкова ім стала вядома, што Аляксандр ужо ў Вялейцы. Яны зьвярнуліся ў мясцовы РУУС, там ім пацьвердзілі, што Вянгерскі ў Вялейцы і заўтра яго чакае новы суд.

За што будуць судзіць Аляксандра заўтра, не вядома, але ў Вялейцы мяркуюць, што падставай можа быць ягоны ўдзел у акцыі 8 верасьня ў Менску.

Your browser doesn’t support HTML5

«У нас хапала вайны, крыві і сьлёз». Фанат са сьцягам на полі БАТЭ раней пратэставаў супраць вучэньняў

У Барысаўскім раённым судзе 29 верасьня Вянгерскага прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу — дробнае хуліганства (прысудзіўшы 7 сутак) і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы (яшчэ 3 сутак арышту).

Раней паведамлялася, што Аляксандр Вянгерскі падчас свайго адміністрацыйнага арышту трымаў галадоўку. У лісьце, які атрымаў вялейскі актывіст Аляксей Сюдак, Вянгерскі тлумачыць, што галадоўку абвяшчае празь нязгоду з абвінавачаньнем у непадпарадкаваньні міліцыі, бо «супрацоўнікі праваахоўных органаў давалі розныя паказаньні, а аднаго зь іх я ўбачыў у залі суду ўпершыню». Ён заяўляе, што зь ягонага боку не было непадпарадкаваньня ці зьнявагі да міліцыянтаў.

Таксама Вянгерскі піша, што ладзіць галадоўку ў падтрымку ўсіх палітзьняволеных, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.

У судзе Вянгерскі распавядаў, што пасьля затрыманьня ст’юардамі на «Барысаў-Арэне» яго зьбівалі і выклікалі хуткую дапамогу.

Your browser doesn’t support HTML5

10 сутак за бел-чырвона-белы сьцяг на футбольным полі

На пытаньне журналісткі Радыё Свабода, чаму на паседжаньне суду яго даставілі бруднага, адказаў: — У мяне ціск. Дрэнна было. Выклікалі хуткую. Пазьней, адказваючы на пытаньні судзьдзі, Вянгерскі дадаў, што пасьля затрыманьня яго вывелі са стадыёну, паставілі на калені і білі па нырках.